Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Human Rights Watch: Імкненне беларускіх улад увайсці ў склад Рады ААН па правах чалавека жудасна і бессаромна 09:38, 03/05/2007
Больш як 40 праваабарончых арганізацый з розных краін свету звярнуліся да Генеральнай асамблеі ААН з патрабаваннем не дапусціць Беларусь у Раду ААН па правах чалавека. У сваім звароце праваабаронцы сцвярджаюць, што шматлікія парушэнні правоў беларусаў у краіне робяць абсалютна непрымальным удзел Беларусі ў Радзе.
Арганізацыя Human Rights Watch назвала імкненне беларускіх улад увайсці ў склад Рады ААН па правах чалавека "жудасным і бессаромным", – паведамляе “Радыё Свабода”.
Нагадаем, Беларусь заявіла пра намер дамагацца месца ў Радзе ААН па правах чалавека, выбары ў які адбудуцца 17 траўня 2007 года. На гэтае самае месца прэтэндуе Славенія. Аднак чакаюць, што спіс жадаючых краін будзе папаўняцца, паведамляе Тэлеграф. Месцы размяркоўваюцца на аснове квот для кожнага рэгіёна: для усходняй Еўропы ў Радзе выдзеленыя шэсць месцаў.
Кожны сябра Рады абіраецца большасцю галасоў сябраў Генеральнай Асамблеі шляхам прамога таемнага галасавання. Паводле патрабаванняў сябры Рады павінны выконваць высокія стандарты абароны правоў чалавека. Калі яны будуць абвінавачаныя ў масавым і сістэматычным парушэнні правоў чалавека, то іх сяброўства ў Радзе можа быць прыпыненае дзвюма трацінамі сябраў Генеральнай Асамблеі.
У траўні 2006 года ў ААН прайшлі выбары па фармаванні Рады па правах чалавека. У склад новай Рады ўвайшлі былыя савецкія рэспублікі Расея, Украіна і Азербайджан. Усяго на 47 месцаў новага праваабарончага органа ААН прэтэндавалі 65 краін. Беларусь у выбарах у Раду ААН па правах чалавека не ўдзельнічала.
На дадзены момант Усходнюю Еўропу ў Радзе прадстаўляюць Польшча, Чэхія, Румынія, Вугоршчына, Расея і Украіна.