Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пытанне рэканструкцыі бернардынскага кляштара будуць вырашаць у Адміністрацыі прэзідэнта 09:49, 03/05/2007
У сувязі з калектыўным зваротам вернікаў па даручэнні Адміністрацыі прэзідэнта створаная міжведамасная камісія для вывучэння пытання аб планаванай рэканструкцыі аб`ектаў былога кляштара бернардынцаў – помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя, размешчанага ў Менску па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 6 і 8. Пра гэта паведамляецца ў лісце старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкама Анатоля Нікіціна на зварот у Пракуратуру Беларусі старшыні грамадскага аб`яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" кандыдата гістарычных навук Алега Трусова па пытанні законнасці размяшчэння гасцініцы і аб`ектаў гандлёва-бытавога прызначэння на месцы кляштара бернардынцаў.
У лісце, у прыватнасці, адзначаецца, што распрацоўка праектнай дакументацыі па рэканструкцыі і рэстаўрацыі помніка архітэктуры вядзецца на заказ камунальнага ўнітарнага прадпрыемства "Мінская спадчына" згодна з рашэннем Менгарвыканкама і на падставе дазволу Міністэрства культуры на права правядзення прац на гісторыка-культурных каштоўнасцях. "Цяпер па дадзеным аб`екце выконваюцца комплексныя навукова-даследчыя працы, вядзецца прапрацоўка праектных прапаноў. Складзеная дамова з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі на правядзенне археалагічных даследаванняў", – паведамляецца ў лісце.
У інтэрв`ю БелаПАН А.Трусаў выказаў удзячнасць Адміністрацыі прэзідэнта за стварэнне міжведамаснай камісіі і надзею, што беларускія археолагі правядуць абследаванне ўсёй плошчы культурнага пласта ў раёне кляштара, а не абмяжуюцца закладкай толькі некалькіх шурфаў. Ён мяркуе, што гэтыя раскопкі павінны праводзіцца пад абавязковым грамадскім кантролем.
Варта адзначыць, што з 7 сакавіка, пасля таго як стала вядома пра планы гарадскіх улад перадаць будынкі кляштара інвестарам для іх рэканструкцыі і далейшага прыстасавання, пачаўся збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара бернардынцаў рымска-каталіцкай суполкі святога Іосіфа, якая трэці год праводзіць штодзённыя набажэнствы за перадачу былой святыні вернікам. Тым часам з будынкаў кляштара ўжо выселеныя службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.