Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пяткевіч: «Трэба адмяніць ільготы усім да аднаго» 11:56, 04/05/2007
“Трэба было перадужаць сябе і пайсці радыкальна – адмяніць ільготы ўсім да аднаго", – такую заяву зрабіла намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч 3 траўня падчас сустрэчы з беларускімі «парламентарамі» і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. Мерапрыемства было арганізаванае з ініцыятывы Адміністрацыі прэзідэнта і “палаты прадстаўнікоў” для абмеркавання праекту закона "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян”.
"Я не чакаю ад вас разумення. Довадаў па пазбаўленні льгот знайсці немагчыма, – сказала Н.Пяткевіч. – Не ад вялікіх грошаў, не ад добрага жыцця дзяржава эканоміць. Сёння трэба падтрымаць насельніцтва ў сувязі з павелічэннем цэнаў на энергарэсурсы. Можна захаваць льготы, але мы адпаведна атрымаем жыроўкі у тры-чатыры разы большыя".
Н.Пяткевіч падкрэсліла, што ў Беларусі цягам апошніх двух гадоў ідзе вельмі актыўная праца па ліквідацыі любых ільгот і прывілеяў. Па яе словах, пры падрыхтоўцы законапраекта разглядаўся варыянт адмены ўсіх ільгот для любой катэгорыі грамадзян. "Але вырашылі пайсці паэтапна і захаваць ільготы, змяніўшы да іх падыход", – сказала намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Яна выказала думку, што пры прызначэнні льгот павінна быць два крытэра – адраснасць (таму, хто зарабіў гэтую льготу) і выбіральнасць (дапамога толькі таму, хто вельмі востра патрабуецца).
Н.Пяткевіч адзначыла, што цяпер распрацоўваецца "вельмі падрабязны механізм" падавання адраснай сацыяльнай дапамогі. "Цяпер адрасную дапамогу рэальна атрымаць вельмі складана, – сказала намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. – Механізм адраснай сацыяльнай дапамогі павінен памяняцца, і памяняцца вельмі радыкальна. Выпрацоўваецца выразны, празрысты, дэбюракратызаваны механізм атрымання дапамогі, каб тыя, хто сапраўды ў ёй патрабуецца, маглі атрымаць яе, не залежачы ад самавольства службоўца. Механізм беспадстаўных ільгот будзе заменены адраснай дапамогай".
Па словах Н.Пяткевіч, грошы, якія вызваляцца ад упарадкавання льгот, пойдуць на рэалізацыю дзяржаўнай праграму "Дзеці Беларусі". "Зэканомленыя грошы не размыюцца ў бюджэце. Кожную капейку выдаткуюць мэтанакіравана", – запэўніла намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Яна таксама паведаміла, што пасля адмены льгот дзяржава зэканоміць каля аднаго мільярда, але пры гэтым не стала ўдакладняць рублёў ці даляраў.
На прапанову прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый вынесці законапраект на ўсенароднае абмеркаванне Н.Пяткевіч заявіла: "Праект закона на ўсенароднае абмеркаванне выносіцца не будзе".
Як паведаміў БелаПАН старшыня пастаяннай камісіі “палаты прадстаўнікоў” па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Сяргей Камянецкі, “дэпутаты” плануюць разгледзець законапраект аб ільготах на пленарным паседжанні сесіі ў канцы траўня.