Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Гутаркі з Пяткевіч не атрымалася 10:09, 04/05/2007
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый незадаволеныя сустрэчай у ніжняй палаце “парламента” з дэпутатамі і намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч. Мерапрыемства, якое адбылося 3 траўня, было арганізаванае з ініцыятывы “палаты прадстаўнікоў” і Адміністрацыі прэзідэнта для абмеркавання праекту закона "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян".
Як адзначыла ў інтэрв`ю БелаПАН намесніца старшыні беларускага грамадскага аб`яднання "Аўтограф Чарнобыля" Лілія Нагорная, уражанне ад сустрэчы "вельмі супярэчлівае". "Мы прыйшлі, каб абмеркаваць гэты праект, – сказала яна. – А пасля заканчэння гэтага сходу зразумелі, што абмяркоўваць няма чаго, таму што ўжо даўно ўсё вырашанае". Л.Нагорная адзначыла, што запрошаным на сустрэчу прадстаўнікам грамадскіх арганізацый не далі магчымасці азнаёміцца з законапраектам. "Ні ў каго не было загадзя гэтага законапраекта. Людзі абмяркоўвалі тое, што дзесьці калісьці пачулі ў прэсе, – распавяла Л.Нагорная. – Магчымасці вывучыць дакумент і занесці пэўныя нейкія заўвагі або прапановы не было". Яна адзначыла, што сэнс гэтай сустрэчы быў у тым, каб паказаць, што "народ сабралі нібыта нешта абмяркоўваць".
Па словах Л.Нагорнай, пакуль цяжка ацаніць, наколькі эфектыўным будзе механізм адраснай сацыяльнай дапамогі. "Я прадстаўляю катэгорыю дзяцей-інвалідаў Чарнобыля, – сказала намесніца старшыні арганізацыі. – Я лічу, што яны ўсе патрабуюцца ў дапамогі. Як можна гэтых дзяцей неяк падзяляць? Я не ведаю".
Маці дзяцей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адзначылі, што іх дарма запрашалі на сустрэчу, бо іх меркаванне нікому не цікавае і яго не будуць улічваць пры прыняцці рашэння.
Прадстаўніца Камітэта салдацкіх маці адзначыла, што адмена льгот "будзе блюзнерскай і жахлівай" для жанчын, чые дзеці загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.