|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Вядомыя людзі Беларусі сталі на абарону Гародні 12:54, 05/05/2007 Прапаноўваем Вашай увазе першыя выказванні: Лявон Баршчэўскі, літаратурны крытык: Я абураны неабгрутаваным разбурэннем гістарычнага цэнтра Гародні. Асабліва непрыемна тое, што гэта дзеецца, калі грамадства абмежавана ў сваіх магчымасцях выказвацца, праяўляць актыўнасць. Падтрымліваю змаганне! Уладзімір Арлоў, пісьменнік: Здзіўляюся, як вам цяжка супрацьстаяць, не гледзячы на ўсе скаргі. Калісьці ў маім родным Полацку была падобная сітуацыя: хацелі знесці дом. Мы наладзілі кругласуткавае дзяжурства каля яго. Алег Хаменка, лідэр гурта “Палац”: Лічу, што старыя мясціны ў Гродна неабходна захаваць у якім заўгодна выглядзе! Руйнаваць у цэнтры тое, што зручна нейкім людзям на сённяшні момант – гэта, напэўна, не самы лепшы варыянт. Чаму не можа быць каля “Азота” самых сучасных хмарачосаў? Мне здаецца, што там людзей праязджае больш, чым па самім Гродна. Там можа быць сіці-цэнтр. А стары горад пакіньце, бо гэта ўсё ж такі культура краіны. Андрэй Дынько, рэдактар газеты “Наша Ніва”: Я супраць гэтай рэканструкцыi. Любыя захады па абароне старога горада апраўданыя. Тадэвуш Гавін, ганаровы старшыня “Саюза палякаў на Беларусі”: Людзі, каму не абыякавы лес горада, павінны супрацьстаяць. Улада паводзіць сябе так, таму што яе ніхто не абіраў, яна прызначана “зверху”. Калі б мэр горада быў адказны перад грамадзянамі, ён бы не дазволіў такіх разбурэнняў. А так ён адказны толькі перад адной асобай, якая яго прызначыла на гэту пасаду. Абарона горада павінна стаць абавязкам кожнага свядомага грамадзяніна. Неабходна пісаць лісты, каб людзі ведалі, хто жыве з імі побач. У абароне гістарычнай спадчыны горада шмат у чым змаглі б дапамагчы студэнты. Моладзь павінна падключыцца ў гэту справу ў першую чаргу! Лявон Вольскі, музыка: Гэтая “рэканструкцыя” праводзіцца мэтанакіравана. Начальства паходзіць не з гэтага горада, ім усе роўна. А народную масу гэта не хвалюе, яна не адгукаецца на такія рэчы. Але, безумоўна, трэба штосьці рабіць. Пісаць скаргі, хай яны адказваюць. У нас жа прынцып аднаго акна! Зінаіда Бандарэнка, народная артыстка: Дзеянні ўладаў выклікаюць толькі абурэнне. Але нельга пакідаць гэта па-за ўвагай. Людзі павінны змагацца за свой горад. Любая спроба грамадства будзе дзейснай, не гледзячы на сенняшнія ўмовы абмежавання свабоды. Андрэй Хадановіч, паэт: Мне таксама баліць Гародня. Забіваецца дух горада. Зайздросціш краінам, якія шануюць сваю спадчыну. У нас захаваліся лічаныя помнікі. Інфармацыя пра іх не даведзена да насельніцтва. Я не ўяўляю іншай краіны, дзе б можна было так бурыць усе. Гарадзенская даўніна, шматкультурнасць – эўрапейскі краявід – галоўнае адрозненне ад азіяцкай культуры. Гэта значыць максімум рознаканфесійных помнікаў. Муніцыпальная ўлада, якая часам больш халуйская за найвышэйшую, не разумее гэтага . Вертыкаль крадзе ў сваіх дзяцей. Кася Камоцкая, бард: Гародня – адзіны горад у Беларусі, у якім захавалася вялікая плошча старых забудоваў. Знішчаць гэта – вялікае злачынства. Тое, што свядомыя грамадзяне кансалідуюцца, каб абараняць свой горад, безумоўна, добра. Але наўрадці ўлады прыслухаюцца да іх. У Менску сітуацыя аналагічная. У мяне такое адчуванне, што усё гэта робіцца свядома, каб пазбавіць людзей сувязі з продкамі. Каб і гісторыі ў беларусаў не было.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|