|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Выбары прэзідэнта Турэччыны: кандыдаты адсутнічаюць 13:44, 07/05/2007 Новае галасаванне па выбарах прызначанае на 9 траўня, аднак пакуль невядома, хто стане кандыдатам у прэзідэнты. Які зацягнуўся працэс выбараў прэзідэнта ўжо адбіўся на эканоміцы краіны. У нядзелю зняў сваю кандыдатуру адзіны прэтэндэнт на гэтую пасаду кіраўнік МЗС Турэччыны Абдула Гюль. Раней парламент краіны не здолеў правесці паўторнае галасаванне ў першым туры выбараў з прычыны адсутнасці кворуму. Пры другасным галасаванні кворум таксама набраны не быў. Каб быць абраным у першым туры, кандыдату на пасаду прэзідэнта неабходна было набраць дзве траціны (або 367) галасоў дэпутатаў меджліса. Нагадаем, 1 траўня Канстытуцыйны суд Турэччыны прызнаў несапраўдным першы тур прэзідэнцкіх выбараў, які адбыўся 27 красавіка. Перамога Абдулы Гюля была прызнаная несапраўднай, бо ў галасаванні ўзялі ўдзел не 367 парламентарыяў, а ўсяго 361. Кандыдатура Гюля, які лічыцца прыхільнікам ісламу, не ўхвалялася большасцю насельніцтва краіны. У Турэччыне апошнім часам праходзілі шматтысячныя мітынгі і шэсці ў абарону свецкай дзяржавы. Удзельнікі дэманстрацый патрабавалі здымання кандыдатуры Абдулы Гюля і ўвядзення ўсеагульных выбараў прэзідэнта рэспублікі. Галасаванне па выбарах прэзідэнта зноў перанесенае, гэтым разам на 9 траўня, аднак, як заявіў спікер парламента Булент Арынк, пакуль невядома, хто стане кандыдатам у прэзідэнты. Паводле турэцкай канстытуцыі, калі парламент не можа абраць прэзідэнта, ён распускаецца і ў краіне прызначаюцца датэрміновыя выбары ў заканадаўчы сход. Дата датэрміновых парламенцкіх выбараў ужо вядомая – яны адбудуцца 22 ліпеня. Паралельна з выбарамі прэзідэнта цяпер парламент таксама вырашае пытанні занясення паправак у дзейную канстытуцыю. З ініцыятывай паправак выступіла кіроўная партыя краіны – Партыя справядлівасці і развіцця (ПСР), якую ўзначальвае прэм`ер Тайіп Эрдаган. Калі папраўкі будуць занесеныя, то выбары прэзідэнта Турэччыны будуць праходзіць шляхам усенароднага галасавання, тэрмін паўнамоцтваў будзе скарочаны да 5 гадоў (цяпер 7 гадоў), але пры гэтым кіраўнік краіны атрымае магчымасць пераабрання на другі тэрмін. Выбары ў парламент будуць праходзіць раз у чатыры гады. Заканадаўчая ініцыятыва кіроўнай партыі была прынятая Канстытуцыйнай камісіяй парламента, цяпер пытанне ратыфікацыі паправак павінна быць вынесенае на абмеркаванне Генеральнай асамблеі меджліса. Дзейны прэзідэнт Турэччыны Ахмет Недждзет Сезер заявіў, што застанецца на сваёй пасадзе да абрання новага кіраўнікі дзяржавы. "Я працягну выкананне сваіх абавязкаў да абрання новага прэзідэнта", – сказаў ён. Сямігадовыя паўнамоцтвы дзейнага кіраўніка дзяржавы мінаюць 16 траўня. Аднак гэтае пытанне таксама стала спрэчным, частка юрыстаў лічыць, што выконваць абавязкі прэзідэнта павінен спікер парламента. Працэс выбараў прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі ўжо сур`ёзна адбіўся на эканамічных паказчыках краіны. На рынках адзначаецца рэзкае падзенне біржавых катыровак і турэцкай нацыянальнай валюты.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|