Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Арганізатарам форума прадпрымальнікаў Беларусі адмовілі ў арэндзе залы 10:19, 07/05/2007
Адміністрацыя віцебскага гатэля “Лучоса” адмовіла арганізатарам форума прадпрымальнікаў Беларусі ў арэндзе канферэнц-залы. Гэта адбылося за два дні да правядзення форума, запланаванага на 7 траўня.
Як паведаміў БелаПАН лідэр рэспубліканскага грамадскага аб`яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка, усе паслугі па арэндзе памяшкання былі аплачаныя, аднак раніцай 5 траўня дырэктар гатэля пісьмова апавясціў арганізатараў у немагчымасці падаць канферэнц-зала "па тэхнічных прычынах". "Калі я папрасіў растлумачыць гэтыя прычыны, начальнік бюро па прыёме і размяшчэнні ў гасцініцы Юлія Серабракова паведаміла, што падчас рамонтных прац прарвала трубу і канферэнц-залу затапіла. Ужо праз дзве гадзіны я прыехаў у Віцебск, зайшоў у канферэнц-залу і ўбачыў там банкет", – распавёў А.Шумчанка.
Ён адзначыў, што гэта ўжо другая адмова ў арэндзе памяшкання ў Віцебску. Першапачаткова форум планавалася правесці 16 красавіка ў будынку навучальнага цэнтра прафсаюзаў. Аднак як толькі вестка аб арганізацыі такога мерапрыемства дайшла да мясцовага кіраўніцтва, у арэндзе было адмоўлена. РГА "Перспектыва" таксама запрасіла на форум старшыняў Віцебскага абласнога і гарадскога выканкамаў Уладзіміра Андрэйчанку і Пятра Драздова. У афіцыйных запрашэннях падкрэслівалася, што форум прадпрымальнікаў не палітычнае, а эканамічнае мерапрыемства. "У адказе нам было сказанае, што ўдзел прадстаўнікоў улады ў ім немэтазгодна", – паведаміў А.Шумчанка.
“Мы ідзем на дыялог з уладай, але яна баіцца голасу прадпрымальнікаў і нават эканамічных форумаў, дзе няма палітыкі”, – так пракаментаваў сітуацыю лідэр “Перспектывы”.
Пры гэтым ён спадзяецца, што форум прадпрымальнікаў у Віцебску усё-ткі адбудзецца.