Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Алег Воўчак: «Справа аб зьнікненьні генерала Захаранкі вядзецца фармальна» 17:00, 07/05/2007
Восем гадоў таму зьнік былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка, які далучыўся да апазыцыі, каб змагацца за дэмакратыю ў Беларусі. Як вядзецца справа Захаранкі й ці ёсьць у яе юрыдычная пэрспэктыва?
Сёньня ў пасёлак Васілевічы Рэчыцкага раёну, дзе жыве маці зьніклага экс-міністра Ульляна Захаранка, традыцыйна прыехалі праваабаронцы, паведамляе “Радыё Свабода”.
Ульляна Рыгораўна працягвае верыць, што яе сын жывы й вернецца дадому:
“Чакаю гасьцей. Здароўе крыху стала лепш, мне лягчэй, калі мяне наведваюць. Сына ўсё няма, але я думаю, што, можа, калі й дачакаюся яго. Я спадзяюся. Хто ні варажыў, усе кажуць, што ён жывы”, -- паведаміла жанчына журналістам радыё.
Да Ульляны Захаранкі прыехалі праваабаронцы і актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой ён быў.
Маці зьніклага наведаў і юрыст Алег Воўчак, які ўжо некалькі гадоў ачольвае грамадзкую камісію, што расьсьледуе справу Юр’я Захаранкі.
Алег Воўчак сочыць за ўсімі дзеяньнямі афіцыйнага сьледзтва, якое вядзе пракуратура Менску. Гэтае сьледзтва праваабаронца называе “фармальным” і ня зьвязвае зь ім спадзяваньняў знайсьці праўду.
“Чарговы раз працягнулі сьледзтва да 24 чэрвеня. Гэта адбываецца кожныя тры месяцы. А больш нічога нам не паведамляюць”, -- кажа праваабаронца.
Сярод тых, хто мяркуе, што зьнікненьне Юр’я Захаранкі не зьвязанае з пабытовымі ці крымінальнымі прычынамі, а мае палітычны характар, намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.
“Ёсьць адна вэрсія, якая засталася неадпрацаванай. Гэта датычнасьць спэцслужбаў і кіраўнікоў дзяржавы да гэтых зьнікненьняў. Яна найбольш верагодная, бо атрымала найбольш пацьверджаньняў. Але тут дзяржава нічога ня робіць. Апазыцыя, міжнародная грамадзкасьць патрабуюць рэальнага расьсьледаваньня, але яно не вядзецца, бо такі рэжым”, — кажа Паганяйла.