Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі журналіст атрымаў міжнародную прэмію за турэмны дзёньнік 11:43, 07/05/2007
Рэдактар сайту “Нашай Нівы” Андрэй Дынько стаў адным зь 15 ляўрэатаў прэстыжнай міжнароднай прэміі імя Лёрэнца Наталі за 2006 год. Цырымонія ўручэньня прэміі адбылася ў Брусэлі 3 траўня, у Міжнародны дзень свабоды прэсы.
Эўрапейскі камісар разьвіцьця і гуманітарнай дапамогі Люі Мішэль уручыў галоўную прэмію журы журналісту з Ганконгу Л.С.Іну. Таксама першымі прэміямі ў сваіх рэгіёнах былі адзначаныя журналісты Таня Фарбэр (Афрыка), Маўры Коніг (Лацінская Амэрыка), Майкл Тырні (Эўропа) і Талаль Эль-Атраш (Азія).
Андрэй Дынько быў намінаваны на прэмію за ягоны дзёньнік з менскага спецпрыёмніка-размеркавальніка, які быў апублікаваны ў “Нашай Ніве” яшчэ да таго, як ягоны аўтар выйшаў на свабоду. Журналіст быў арыштаваны разам з больш за тысячу чалавек падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ў сакавіку 2006 года.
Дзёньнік быў перакладзены на восем эўрапейскіх моваў і апублікаваны ў шэрагу эўрапейскіх выданьняў, сярод іх – у “Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг”.
Сёлета на прэмію імя Л.Наталі, якая ўручаецца за адданасьць справе правоў чалавека і дэмакратыі, прэтэндавалі 1529 пісьменьнікаў і журналістаў з 165 краінаў.