Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Наменклатуры павялічваюць зарплату 14:40, 07/05/2007
З 1 чэрвеня гэтага года зарплата кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў яшчэ больш адарвецца ад сярэдняй зарплаты па краіне. Урад прыняў рашэнне на 50% павялічыць сродкі, якія накіроўваюцца на надбаўкі да службовых акладаў кіраўнікоў, спецыялістаў і службоўцаў, і падняць у бок кіраўніка каэфіцыент суадносін сярэдняй зарплаты па дзяржпрадпрыемстве і зарплаты кіраўніка.
Раней для арганізацый (незалежна ад формы ўласнасці), якія не фінансуюцца з бюджэту і якія не карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, была ўсталяваная мяжа "агульнай сумы сродкаў, якія накіроўваюцца на выплату надбавак за высокія дасягненні ў працы, выкананне асабліва важнай (тэрміновай) працы і іншыя паказчыкі", якія можна адносіць на сабекошт прадукцыі (прац, паслуг). Дадзеныя надбаўкі не павінны былі перавышаць 20% ад сумы службовых акладаў, пазначаных катэгорый працаўнікоў. Дадзеная норма разам з абмежаваннямі максімальнай стаўкі першага разраду (у памеры бюджэту пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва) памеру прэміі (30% ад службовых акладаў) істотна стрымлівала і стрымлівае рост заработнай платы працаўнікоў у камерцыйных арганізацыях. Прычым тычыцца гэта найперш тых арганізацый, якія хочуць плаціць па-беламу, а не ў канвертах, супраць чаго так упарта і беспаспяхова змагаецца наш урад. З 1 чэрвеня гэтая праблема ледзь-ледзь саслабла. Паводле Пастановы Саўміна №529 памер максімальнай надбаўкі павялічаны да 30%.
Афіцыйна рашэнне ўрада накіраванае на дадатковае заахвочванне "кіраўнікоў, спецыялістаў і службоўцаў арганізацый", якія паказваюць добрыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Рэальна ж гэтая надбаўка не залежыць ад дасягненняў прадпрыемства ў цэлым і можа быць ужытая на думку кіраўніцтва. Варта таксама ўлічваць, што Камітэт дзяржаўнага кантролю не аднойчы звяртаў увагу ўрада на тое, што ў шматлікіх дзяржаўных арганізацыях кіраўнікі занадта вольна карыстаюцца рознымі надбаўкамі, ужываючы іх галоўным чынам для сябе і сваіх самых блізкіх асоб. Пры гэтым вельмі часта здараецца так, што само прадпрыемства знаходзіцца на грані банкруцтва, а яго кіраўнік выплачвае сабе надбаўкі за выкананне "асоба тэрміновай і важнай працы".
Пра тое, што Пастанова ўрада №529 накіраваная найперш менавіта на заахвочванне кіраўнікоў, прычым менавіта дзяржаўных арганізацый, гаворыць тая яго частка, дзе гаворыцца пра лімітавыя каэфіцыенты суадносін сярэдняй заработнай платы па дзяржпрадпрыемстве і заработнай платы кіраўніка. Калі раней "для кіраўнікоў арганізацый дзяржаўнай формы ўласнасці і з часткай уласнасці дзяржавы ў іх маёмасці, якія стабільна працуюць і якія маюць высокую эфектыўнасць і прыярытэтнае значэнне ў развіцці галіны, а таксама арганізацый, асноўнай мэтай якіх з`яўляецца сацыяльна-працоўная рэабілітацыя інвалідаў і садзейнічанне іх інтэграцыі ў грамадства", каэфіцыент па ўзгадненні з намеснікам прэм`ер-міністра або самім прэм`ер-міністрам мог быць не больш за 4,5, то цяпер – 5. Іншымі словамі, цяпер можна, каб зарплата кіраўніка ў пяць разоў перавышала сярэднюю зарплату па арганізацыі. Што асоба цікава, для кіраўнікоў прыватных камерцыйных арганізацый каэфіцыент застаўся нязменным – 3,5.
Каментары па справе
Улічваючы, што ў цэлым па краіне цяпер ідзе кампанія па эканоміі і ашчаднасці, а на шматлікіх прадпрыемствах, якія маюць дачыненне да энергарэсурсаў, замарожаны рост зарплаты, дадзенае рашэнне ўрада выглядае даволі дзіўным. Што б яно азначала? З гэтым пытаннем "Е" звярнуўся да кіраўніка навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслава РАМАНЧУКА.
Яраслаў РАМАНЧУК:
– Гэта гаворыць пра тое, што вышэйшае кіраўніцтва краіны занепакоенае дысцыплінай і паводзінамі кіруючай наменклатуры і дырэктарата. Кіраўніцтва разумее, што калі не ствараць дадатковых стымулаў для дадзенай сацыяльнай групы, то яна пачне паволі знутры развальваць усю гэтую сістэму. Калі браць розныя сацыяльныя групы, то па логіцы ўлады вылучылі падлашчванне да кіраўнікоў арганізацый, а не да працаўнікоў. Працаўнікі ў нас атрымоўваюць нармальныя стабільныя зарплаты і пакуль задаволеныя сваім становішчам, чаго нельга сказаць пра дырэктарат. Працоўныя менш небяспечныя ў дадзенай сітуацыі. Гэта адзін аргумент.
Другі – гэта тое, што ёсць бюракратычная сістэма, якая мае логіку самаўзнаўлення, таму яны адзін аднаго даволі добра і стабільна падтрымліваюць. За працоўных слова замовіць няма каму, а беларуская наменклатура ўмее паставіць пытанне так, быццам ёй недаплачваюць і яна можа пачаць бузіць і няправільна выконваць нейкія загады. Логіка ўрада тут такая: вось давайце мы ім дапаможам, каб больш потым з іх патрабаваць. Але больш патрабаваць яны не стануць, таму што ў гэтай сістэме асабістай адказнасці вельмі мала, а вось атрымоўваць больш грошай пачнуць усе.