Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Уладзімер Букоўскі: Захад паводзіць сябе з Расеяй, як паводзіў з Гітлерам 13:13, 08/05/2007
“Захад паводзіць сябе з Расеяй, як з Гітлерам – гэта ўлагоджваньне”, – мяркуе праваабаронца, былы савецкі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі, які правёў 12 гадоў у савецкіх лягерах. Прапануем вам фрагмэнт гутаркі Ўладзімера Букоўскага з карэспандэнтам “Радыё Свабода”.
Уладзімер Букоўскі: “Увесь гэты ціск на блізкае замежжа: Грузія, Малдова, нават Прыбалтыка, Украіна, – гэта ўсё спробы аднавіць калі ня сам Савецкі Саюз, то сфэры ўплыву Савецкага Саюзу.
Вось паглядзеце на цяперашні канфлікт з палякамі. Ён жа цалкам бессэнсоўны, калі не зразумець подбіўку расейскага імпэрскага мысьленьня.
Зразумела й вожыку, што гэтая проціракетная сыстэма занадта малая, каб стрымліваць расейскі ядзерны патэнцыял, яна на гэта і не разьлічаная. Але як вы сьмелі гэта зрабіць, не параіўшыся з намі. Гэта наша сфэра ўплыву.
Гэта чыста імпэрскія амбіцыі. Яны дагэтуль бачаць Польшчу ў сфэры свайго ўплыву. І Румынію, і Вугоршчыну. І там, дарэчы, вельмі моцны ўплыў расейскага КГБ.
Я часта бываю ва Ўсходняй Эўропе і ведаю: уплыў КГБ ідзе празь бізнэс, сродкі масавай інфармацыі таксама спрабуюць прыручыць ці захапіць. У Прыбалтыцы сродкі масавай інфармацыі цалкам падкантрольныя КГБ, ва Ўсходняй Эўропе менш, але гэты элемэнт там ёсьць, і ён разьвіваецца.
У іх цяпер ёсьць новая зброя – нафта і газ і высокія цэны на іх. У іх зьявіўся новы падважнік ціску на Захад, які нават таварышу Сталіну ня сьніўся. І яны ім карыстаюцца ўвесь час. Даволі нахабна і даволі бяздумна, бо гэта ўсіх напалохае і Захад нарэшце адмовіцца ад іх энэрганосьбітаў.
Але цяпер гэта ім стварыла неймаверныя магчымасьці для аднаўленьня ўплыву ў той сфэры, якую яны лічаць сваёй. Яны яшчэ дойдуць да ўзьлётаў “халоднай вайны”, да больш рэзкіх дзеяньняў у сувязі з аднаўленьнем сваёй сфэры ўплыву.
Могуць быць канфлікты – я не зьдзіўлюся. Гэта асабліва імаверна, бо Захад паводзіць сябе, як з Гітлерам – гэта ўлагоджваньне. І гэта, зразумела, толькі павялічвае апэтыты ў Крамлі, бо яны ўсё болей атрымліваюць пацьверджаньняў, што Захад супраціўляцца ня будзе і ня хоча, што ў яго больш няма імунітэту, які быў у “халодную вайну”. Так што мы на небясьпечным курсе”.