|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся на БТ 12:17, 08/05/2007 Беларускае тэлебачаньне паказвала ў жывым эфіры ўсе гульні зборнай Беларусі. І заўжды ў лядовых палацах лунае багата бел-чырвона-белых сьцягоў. Абмінуць іх БТ ня можа, паколькі так званая “карцінка” з чэмпіянату трансьлюецца бяз зьменаў для ўсіх краінаў. Абедзьве групы падтрымкі, што з гістарычнымі, што зь цяперашнімі афіцыйнымі сьцягамі, шчыра радуюцца, калі беларусы закідваюць шайбу, і моцна перажываюць, калі яна залятае ў браму беларускіх хакеістаў. Гэта, дарэчы, пазаўчора вымушаны быў прызнаць і тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі. Ён сказаў, што ў абедзьвюх групаў розныя палітычныя погляды, але яны разам падтрымліваюць нацыянальную каманду. “Заўзятары трымаюць чырвона-зялёныя сьцягі, а на шчоках малююць бел-чырвона-белыя палоскі” Заўзятар Максім не прапусьціў ніводнай гульні з удзелам беларусаў. Хлопец ужо паўтара году працуе і жыве ў Маскве. На кожную гульню ён бярэ з сабою бел-чырвона-белы сьцяг й сьцяжкі з выявай “Пагоні”. “Мой сьцяг – гэта бел-чырвона-белы, – гаворыць Максім. – А чырвона-зялёнага я ніколі ў рукі не вазьму. Але цікава, што калі крычаць вядомы лёзунг “Жыве Беларусь!”, дык яго крычаць і людзі з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Больш за тое, ёсьць заўзятары, якія трымаюць чырвона-зялёныя сьцягі, а на шчоках малююць бел-чырвона-белыя палоскі. Тут такая стракатасьць, якая бывае, мабыць, толькі на чэмпіянатах сьвету”. Максім таксама гаворыць, што маскоўская міліцыя ніякіх перашкодаў заўзятарам з нацыянальнымі беларускімі сымбалямі ня робіць: “Я думаю, што бальшыня зь іх нават ня ведае, які сьцяг у беларускай каманды. Карацей кажучы, калі ты ў Менску зьявісься зь бел-чырвона-белым сьцягам, дык там і дзесяці мэтраў зь ім ня пройдзеш. А тут у нас няма ніякіх турботаў. Усё дастаткова ветліва, акуратна”. “Нам паказалі наша месца” У адрозьненьне ад папярэдняга чэмпіянату, каманда Беларусі сёлета засталася за межамі першай васьмёркі. Заўзятар Максім выказвае сваю вэрсію прычынаў паразаў: “Мабыць, наш цяперашні трэнэр Фрэйзэр, адрозна ад Гэнлана, яшчэ не знайшоў тых нітачак, што дазваляюць зрабіць каманду, якая магла, сьцяўшы зубы, праз кроў і пот чагосьці дамагчыся”. Спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч называе тры прычыны, зь якіх, як ён мяркуе, хакеісты Беларусі не маглі сёлета выступіць лепш: “Па-першае, Фрэйзэр ня змог сабраць пад сьцягам нацыянальнай каманды ўсіх найлепшых гульцоў – адсутнічалі Салей, Калюжны, Касьціцын-старэйшы, Грабоўскі. Па-другое, ня вельмі добрая гульня брамніка Мезіна. Летась у Рызе ён сапраўды быў больш за паўкаманды. А сёлета ў яго гульня не пайшла. Па-трэцяе, можа і добра, што нам паказалі наша месца. Цяпер беларускі хакей знаходзіцца даволі далёка ад узроўню першай сямёркі. Я б сказаў так: існуюць шэсьць вялікіх камандаў плюс Славаччына. І мы астаемся ад славакаў настолькі, наколькі яны астаюцца, прыкладам, ад канадцаў ці швэдаў”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|