Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Гародні забаранілі пікеты супраць разбурэння помнікаў 15:19, 08/05/2007
8 траўня Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Юрыю Істоміну, Уладзіміру Ларыну і Віктару Падчыненкаву ў правядзенні 11 траўня пікету супраць разбурэння гістарычнага цэнтру горада.
Як паведаміў БелаПАН старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Ю.Істомін, заяўка на правядзенне акцыі была пададзеная два тыдні таму. Па яго словах, падчас пікетаванняў планаваўся збор подпісаў пад зваротам у пракуратуру, да старшыні Гарадзенскага аблвыканкама і ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем спыніць «варварскую рэканструкцыю» гістарычнай часткі горада. «Сваю адмову ўлады матывавалі тым, што месцы, адзначаныя ў трох нашых заяўках, не прызначаныя для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе. Аднак два з трох заяўленых месцаў уваходзяць у спіс, зацверджаны гарадскімі ўладамі для правядзення такіх акцый. За апошнія два месяцы мы атрымалі ўжо трэцюю адмову на заяўкі аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Вось чаму можна сцвярджаць, што Гарадзенскі гарвыканкам увёў забарону на любыя публічныя акцыі ў горадзе, якія заяўляюцца дэмакратычнымі сіламі. Улады абралі шлях канфрантацыі, а не дыялогу», – падкрэсліў Ю.Істомін.
Па словах палітыка, заяўнікі пікету рыхтуюць зварот у судовыя інстанцыі з скаргай на дзеянні гарадскіх улад, які будзе пададзены ў самыя блізкія дні.
Сапраўднымі прычынамі адмовы ў правядзенні пікетаў Ю.Істомін лічыць вялікую грамадскую ўвагу да тэмы захавання аўтэнтычнай архітэктуры горада. «Калі ў нас атрымаецца зберагчы гэтую спадчыну, то пры будучай дэмакратычнай уладзе мы зможам разлічваць на фінансаванне яго поўнага аднаўлення, як гэта было ў Варшаве і Вільні», – лічыць прадстаўнік АГП.
Як паведаміў БелаПАН актывіст моладзевай кампаніі ў абарону гістарычнага цэнтра Гародні Алесь Залеўскі, увечары 7 траўня ў Гародню, у капліцы рымска-каталіцкай парафіі найсвяцейшай панны Марыі Вострабрамскай, Маці міласэрнасці, адбылася сумесная малітва за Гародню. Па яго словах, каля 80 каталікоў, пратэстантаў і ўніятаў прыкладна паўтары гадзіны маліліся за захаванне цэнтра старажытнага горада. «Мы працягваем рэгулярнае дзяжурства ля тых гістарычных будынкаў, якія могуць быць знесеныя ўладамі», – сказаў А.Залеўскі.