Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЕЗ не адменіць санкцыі з прычыны адкрыцця офіса Еўракамісіі 10:20, 08/05/2007
Адкрыццё прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Менску не мае нічога агульнага з адменай санкцый Еўрапейскага Звяза ў дачыненні Беларусі. Пра гэта заявіў БелаПАН 7 траўня па прыбыцці ў Менск першы дарадца, каардынатар па сувязях з Беларуссю прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Украіне і Беларусі Жан-Эрык Гольцапфель.
Ён адзначыў, што рашэнне аб адкрыцці прадстаўніцтва з`яўляецца "крокам наперад", але толькі ў рамках Венскай канвенцыі аб дыпламатычных стасунках.
"Калі адзін бок мае сваё прадстаўніцтва на тэрыторыі другога, то і другі бок павінен мець такое прадстаўніцтва", – растлумачыў Ж.-Э.Гольцапфель, маючы на ўвазе наяўнасць у Брусэлі акрэдытаванага пры ЕЗ беларускага прадстаўніцтва.
Суразмоўца БелаПАН падкрэсліў, што адмена санкцый магчымая толькі ў выпадку пэўных палітычных крокаў з боку Беларусі, у прыватнасці, вызвалення тых, каго ў Еўропе лічаць палітвязнямі. Пры гэтым прадстаўнік Еўракамісіі адзначыў, што, у адрозненні ад візавых абмежаванняў для беларускіх службоўцаў, выключэнне краіны з Генеральнай сістэмы прэферэнцый (ГСП) Еўразвяза не з`яўляецца санкцыяй. "Гэта – наступствы сістэматычнага парушэння ўрадам Беларусі правоў працаўнікоў", – адзначыў Ж.-Э.Гольцапфель.