Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Папоў: Беларусь будзе развіваць супрацоўніцтва з Іранам па ўсіх кірунках 11:18, 08/05/2007
Беларусь мае намер у будучыні працягнуць развіваць узаемавыгоднае супрацоўніцтва з Іранам па ўсіх кірунках. Пра гэта, адказваючы на пытанне карэспандэнта БелТА, на сустрэчы з журналістамі ў Менску заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Вадзім Папоў.
Ён нагадаў, што беларуска-іранскае супрацоўніцтва ўжо мае сваю, хай і нядоўгую, гісторыю. Так, падпісана міжпарламенцкае пагадненне аб супрацоўніцтве, стварэнні дамоўна-прававой базы для развіцця ўсіх відаў узаемадзеяння паміж краінамі – сумесных прадпрыемстваў, гандлёвых стасунках, культурных сувязях і іншых. "Візіты на вышэйшым узроўні даюць пацверджанне таму, што наша ўзаемавыгоднае супрацоўніцтва магчымае", – падкрэсліў “палатнік”.
Вадзім Папоў таксама адзначыў, што спробы "занесці ў беларуска-іранскія ўзаеміны лыжку дзёгцю пакуль ні ў каго не атрымоўваецца". Ён лічыць, што практыка абвінавачвання "ва ўсіх смяротных грахах" краіны, якая мае сыравінныя рэсурсы, не з`яўляецца эфектыўнай. "Ніякіх пацверджанняў таго, што Іран развівае ядзерныя ваенныя праграмы, няма", – растлумачыў ён.
У сувязі з гэтым Папоў падкрэсліў, што Беларусь выступае катэгарычна супраць таго, каб усялякая з дзяржаў развівала ў сябе ядзернае ўзбраенне. Аднак выбарча заплюшчваць вочы на развіццё такіх праграм у адных краінах і высоўваць абвінавачванні супраць другіх няправільна, лічыць Вадзім Папоў.
Ён таксама нагадаў, што летась на тэрыторыі Беларусі была адчынена сумесная беларуска-іранская вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Абмяркоўваецца магчымасць стварэння зборачнай вытворчасці беларускіх трактароў і сельскагаспадарчых машын у Іране. Разглядаецца пытанне зборкі айчынных грузавых аўтамабіляў рознага класа і мадыфікацыі на іранскай тэрыторыі. "Усё гэта мірныя праграмы, якія не павінны выклікаць ні ў каго сумнення ў нашых намерах развіваць супрацоўніцтва з Іранам на ўзаемавыгодных умовах", – падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД.