Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускую дэлегацыю на «Еўрабачанні» ўзначальвае былы намеснік генпракурора 16:01, 08/05/2007
Беларускую дэлегацыю на конкурсе «Еўрабачанне» узначальвае намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Юры Азаронак, які да гэтага займаў пасаду прэс-сакратара і намесніка генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.
Азаронак стаў вядомы ў сярэдзіне 1990-х гадоў як аўтар фільма “Нянавісць. Дзеці хлусні”, накіраванага супраць Беларускага Народнага фронту і асабліва лідэра БНФ у той час Зянона Пазняка. Пазней Юры Азаронак зрабіў шэраг іншых адыёзных, прапагандысцкіх фільмаў пра беларускую апазіцыі, паказаных на Беларускім тэлебачанні.
У 1996 годзе Юры Азаронак падрыхтаваў дакументальны фільм “Закуліса”, у якім выкрываў «таемныя механізмы», якія нібыта кіруюць беларускай апазіцыяй. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года Юры Азаронак з`явіўся на беларускім тэлебачанні з прапагандысцкім серыялам “Таемныя спружыны палітыкі”. У адным з сюжэтаў абвінаваціў лідэра Аб`яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку ў тым, што той прывёз з Польшчы ў Беларусь буйную суму грошаў. Лідэр АГП падаў на Азаронка ў суд. Рэжысёр не здолеў падаць ніводнага дакумента, які даказваў бы агучаныя ў серыяле факты. І хоць суд Першамайскага раёна прызнаў Азаронка вінаватым, калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадскога суду адмяніла рашэнне суду. Сябры судовай калегіі палічылі, што Азаронак у сваёй праграме не абражаў гонару лідэра АГП.
Пасля таго як у 2001 годзе ў Беларусі адбыліся так званыя прэзідэнцкія «выбары», неабходнасць у Юрыі Азаронку часова адпала. Улетку 2002 года яго звольнілі з Белтэлерадыёкампаніі, і доўгі час у яго не было пастаяннай працы. Толькі ў красавіку 2003 года ён зноў з`явіўся на гарызонце – у якасці кіраўніка прэс-службы пракуратуры РБ.
У студзені 2005 года Лукашэнка ўзнагародзіў Азаронка прэміяй “За духоўнае адраджэнне” за стварэнне аўтарскай тэлепраграмы “Конспирология” на Першым нацыянальным тэлеканале. У гэтай праграме як заўсёды тэндэнцыйна, у негатыўным святле была прадстаўленая дзейнасць беларускай апазіцыі. Адным з герояў "Конспирологии" быў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.