Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Еўропа не верыць пустым абяцанням беларускіх улад 15:52, 10/05/2007
Беларусь не ўваходзіць у колькасць прыярытэтаў міжнародных стасункаў федэральнай зямлі ФРГ Паўночны Рэйн – Вестфалія (СРВ), але гэта не азначае, што яны не здольныя развівацца. Пра гэта на сустрэчы з беларускімі журналістамі паведаміў дзяржсакратар па справах федэрацыі і Еўропы ўрада СРВ Міхаэль Мертэс. Сустрэча адбылася ў рамках адукацыйнай паездкі "Па слядах Ёханеса Рау".
Па словах М.Мертэса, паводле зацверджанай канцэпцыі знешнепалітычнай дзейнасці СРВ, плануецца ўмацоўваць сувязі з польскім ваяводствам Ніжняя Сілезія, Ізраілем, а таксама трансатлантычныя стасункі, першым чынам з ЗША. Сярод крытэраў прыярытэтных стасункаў – эканамічныя сувязі, гістарычнае, культурнае ўзаемадзеянне. М.Мертэс выказаў гатоўнасць у перспектыве наведаць Беларусь з мэтай наладжвання двухбаковых стасункаў, паведамляе БелаПАН.
Кажучы пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, службоўца паведаміў, што ў Нямеччыне існуе "некаторы скепсіс у дачыненні развіцця дэмакратыі ў рэспубліцы". "Кожны народ імкнецца жыць у дэмакратычным грамадстве, – сказаў ён, – Спадзяюся, што неўзабаве ў Беларусі будзе дэмакратыя ў нашым разуменні гэтага паняцця".
М.Мертэс выказаў надзею, што ў хуткім часе мяжа паміж Польшчай і Усходняй Еўропай (Беларуссю і Украінай) "будзе празрыстай". Па яго словах, Нямеччына зацікаўленая ў прыцягненні працоўных рэсурсаў – спецыялістаў з іншых краін, што звязана з складанай дэмаграфічнай сітуацыяй у краіне.