Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пуцін супраць будаўніцтва альтэрнатыўных трубаправодаў 12:12, 10/05/2007
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін адправіўся ў беспрэцэдэнтнае па сваёй працягласці турнэ па Сярэдняй Азіі. Асноўная мэта гэтага ваяжу – прадухіліць будаўніцтва транскаспійскіх трубаправодаў у абыход Расеі. Пуціну ўжо атрымалася фактычна сарваць "антырасейскі" энергетычны саміт у Польшчы, прысвечаны пошуку альтэрнатыўных расейскім крыніц нафты і газу. На гэтым мерапрыемстве не будзе прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, піша ў чацвер газета "Коммерсант".
9 траўня пачаўся афіцыйны візіт Уладзіміра Пуціна ў Казахстан і Туркменію. У чацвер увечары разам з Нурсултанам Назарбаевым Уладзімір Пуцін вылеціць у Туркменіcтан, 12 траўня вернецца ў Актау, дзе запланаваная трохбаковая сустрэча прэзідэнтаў Расеі, Туркменістана і Казахстана, а потым яшчэ на два дні затрымаецца ў гасцях у казахскага прэзідэнта.
Міністр прамысловасці і энергетыкі Віктар Хрысценка, які прыехаў напярэдадні, ужо сустрэўся з першымі асобамі Казахстана і пацвердзіў, што візіт Уладзіміра Пуціна будзе мець адмысловае значэнне ў галіне энергетыкі. Абвешчаныя мэты, сярод якіх абмеркаванне развіцця атамнай энергетыкі ў Казахстане і СП на Арэнбургскім ГПЗ, ніяк не тлумачаць тыднёвую камандзіроўку расейскага прэзідэнта ў краіны СНД.
Гэты візіт супаў па тэрмінах з энергетычным самітам так званай пяцёркі (Польшча, Украіна, Азербайджан, Грузія і Казахстан) у Польшчы 11-13 траўня, дзе планавалі дамовіцца аб стварэнні нафтавага маршруту Адэса–Гданьск у абыход Расеі з выкарыстаннем ужо пабудаваных трубаправодаў Адэса–Броды (Украіна) і Полацк–Гданьск да 2011 года.
На саміце павінен быў прысутнічаць і прэзідэнт Казахстана. 29 сакавіка Нурсултан Назарбаеў асабіста паабяцаў прэзідэнту Польшчы Леху Качынскаму знайсці час для ўдзелу ў саміце: "Што тычыцца саміта, я прымаю прапанову. Я заўсёды рады магчымасці абмяркоўваць у любым фармаце актуальныя пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва".
Неабходнасць удзелу ў праекце Адэса–Гданьск ён тады тлумачыў тым, што "да 2012-2014 гадоў Казахстан стане адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў нафты на сусветны рынак". А з прычыны таго, што "павелічэнне здабычы нафты да 2015 года ў два разы прымушае Казахстан шукаць новыя шляхі транспартоўкі, трубаправод Адэса–Гданьск з`яўляецца добрай альтэрнатывай (Расеі) для нас".
Для Расеі з`яўленне новых маршрутаў цэнтральнаазіяцкіх энерганосьбітаў азначае ператварэнне Казахстана і Туркменістана з малодшых партнёраў у канкурэнтаў на еўрапейскім рынку. І таму падчас нядаўняга візіту Гурбангулы Бердымухамедава ў Маскву яму настойліва прапаноўвалі адмовіцца ад транскаспійскага трубаправода на карысць Прыкаспійскага, які павінен прайсці па ўсходнім беразе Каспія з Туркменістана праз Казахстан у Расею. Улады Казахстана дагэтуль не давалі згоды на гэты праект, адзначае выданне.
Падчас цяперашніх трохбаковых перамоваў лідэраў Туркменістана, Казахстана і Расеі Уладзімір Пуцін паспрабуе пераканаць сваіх калегаў у неабходнасці ўсталяваць кантроль вытворцаў над патокамі энергарэсурсаў у Еўразвяз, каб яго не ўсталявалі спажыўцы нафты і газу.
І хоць перамовы яшчэ не пачаліся, першую перамогу на поле энергетычнай бітвы Масква ўжо атрымала. Фармат "антырасейскага" энергасаміта ў Польшчы змяніўся. З моцнай "пяцёркі" ён ператварыўся ў слабую "чацвёрку". І праходзіць ён будзе на фоне дэманстратыўнай сустрэчы кіраўніка Расеі з лідэрамі дзвюх краін, на энергарэсурсы якіх так разлічваюць еўрапейцы.