Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
МЗС Нямеччыны: Еўракамісія можа абмеркаваць з Беларуссю энергетычныя пытанні 14:17, 11/05/2007
Еўракамісія заявіла пра гатоўнасць уступіць у дыялог з беларускімі ўладамі, у прыватнасці, па пытаннях энергетыкі. Пра гэта паведамілі прадстаўнікі МЗС ФРГ падчас сустрэчы 10 траўня ў Берліне з беларускімі журналістамі ў рамках адукацыйнай паездкі “Па слядах Ёханэса Рау”.
Адзначалася, што першы этап такіх перамоваў быў запланаваны на сакавік 2007 года, але ў сувязі з масавымі арыштамі напярэдадні Дня Волі апазіцыйных палітыкаў у Беларусі сустрэча была перанесеная. Мяркуюць, што дыялог павінен пачацца ў чэрвені "пры ўмове захавання спрыяльнай палітычнай атмасферы ў Беларусі", заявілі прадстаўнікі нямецкага знешнепалітычнага ведамства. Яны таксама падкрэслілі, што Аляксандр Лукашэнка ў сваім штогадовым звароце да парламента і народа вылучыў тры асноўныя мэты знешняй палітыкі: незалежнасць краіны, працяг развіцця стасункаў з Расеяй, а таксама новы, на думку нямецкіх дыпламатаў, кірунак – пашырэнне супрацоўніцтва з Еўразвязам.
Падчас сустрэч адным з вынікаў перамоваў паміж ЕЗ і Беларуссю была названая згода беларускага ўрада на адкрыццё ў Менску прадстаўніцтва Еўракамісіі. З прычыны таго, што прадстаўніцтва Беларусі ў Брусэлі даўно існуе, супрацоўнікі МЗС Нямеччыны выказалі надзею, што з адкрыццём у краіне прадстаўніцтва Еўракамісіі двухбаковыя стасункі "нармалізуюцца – стануць больш сіметрычнымі". Еўразвяз таксама спадзяецца на "далейшыя пазітыўныя сігналы з Менска", у прыватнасці, на вызваленне палітычных зняволеных, падкрэслілі прадстаўнікі нямецкага ведамства.
Паводле інфармацыі МЗС, 14 траўня, пасля двухгадовага перапынку, мусіць адбыцца паседжанне двухбаковай працоўнай групы Беларусі і Нямеччыны па эканоміцы. Падчас перамоваў плануюць абмеркаваць пытанні энергетыкі, транспарту, гандлёвых прэферэнцый для Беларусі. Нямецкі бок мае намер зрабіць прапанову аб падрыхтоўцы мэнэджэраў і абмеркаваць пытанне аб становішчы адной беларускай фірмы, якая выпрабоўвае цяжкасці пры працы ў Беларусі.