Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Актрыса Настасся Шпакоўская абараняе кляштар бернардынцаў 13:57, 11/05/2007
Актрыса Рускага драматычнага тэатра iмя Максiма Горкага, салiстка гурта NAKA Настасся Шпакоўская выступiла з акцыяй у абарону помнiка архiтэктуры барока XVII стагоддзя — касцёла Святога Iосiфа, на месцы якога ўлады збiраюцца пабудаваць гатэль i забаўляльны комплекс.
“У Мiнску i так засталося зусiм няшмат гiстарычных помнiкаў, — гаворыць актрыса ў інтэрв’ю “Народнай волі”. — Таму гурт NAKA заклiкаў усiх, каму неабыякавае аблiчча нашай сталiцы, падпiсацца ў абарону манастырскага комплексу па вулiцы Кiрылы i Мяфодзiя. Мне падаецца, што ў гэтай сiтуацыi нельга заставацца раўнадушным i нельга маўчаць”.
Iдэя музыкантаў знайшла водгук у прыхiльнiкаў калектыву.
“Я папярэдзiла прысутных, што рашэнне кожны прымае добраахвотна, — працягвае Настасся Шпакоўская. — I, паверце, было прыемна бачыць, як амаль усе прысутныя, не згаворваючыся, паставiлi свае подпiсы ў абарону гiстарычнай святынi”.
Сама артыстка спадзяецца, што акцыя па зборы подпiсаў дасць свой плён.
“Спадзяюся, што ў рэшце рэшт да нас прыслухаюцца”, — кажа яна.
На асноўным месцы працы — у Нацыянальным акадэмiчным драматычным тэатры iмя М.Горкага Настасся Шпакоўская подпiсы ў абарону гiстарычнай каштоўнасцi Мiнска не збiрае.
“Я не магу ўявiць, каб пасля спектакля можна было б збiраць подпiсы, — тлумачыць актрыса. — I нiкога з калег агiтаваць не збiраюся. Кожны свой выбар робiць сам. Да таго ж у тэатры — атмасфера не тая. Можна сказаць, не настолькi дэмакратычная...”