Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хто з службоўцаў вырашыць лёс кляштара бернардынцаў? 10:33, 11/05/2007
10 траўня грамадскае “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” накіравала ў Менгарвыканкам чарговы запыт. Гэтым разам старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў просіць сталічныя ўлады паведаміць, хто прызначаны старшынёй міжведамаснай камісіі, створанай для вывучэння пытання аб планаванай рэканструкцыі аб’ектаў былога кляштара бернардынцаў у Менску, а таксама яго каардынаты.
Пры гэтым у лісце на імя старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкама Анатоля Нікіціна падкрэсліваецца, што міжведамасная камісія створаная па даручэнні Адміністрацыі прэзідэнта ў сувязі з калектыўным зваротам вернікаў, якія пратэстуюць супраць размяшчэння забаўляльных устаноў у былым кляштары бернардынцаў – помніку архітэктуры барока XVII стагоддзя, размешчаным у будынках па вуліцы Кірылы і Мяфодзія, 6 і 8.
У інтэрв`ю БелаПАН А.Трусаў выказаў задавальненне ў сувязі з пачаткам планамерных археалагічных раскопак на тэрыторыі манастырскага комплексу і выяўленнем першых унікальных знаходак. Прычым фота некаторых з рэліквій ужо прадстаўленыя ў апошнім нумары штотыднёвіка "Наша ніва". Навукоўца лічыць вельмі своечасовым і неабходным правядзенне грамадскага абмеркавання праекту рэканструкцыі аб`ектаў былога манастыра з абавязковым удзелам вернікаў. "Я спадзяюся, што міжведамасная камісія будзе спрыяць правядзенню ў Менску такіх грамадскіх слуханняў па выкарыстанні і рэстаўрацыі гэтага ўнікальнага помніка архітэктуры", – сказаў А.Трусаў.
7 сакавіка, пасля таго як стала вядома пра планы гарадскіх улад перадаць будынкі кляштара інвестарам для іх рэканструкцыі і прыстасаванні, пачаўся збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара бернардынцаў рымска-каталіцкай суполцы святога Язэпа, якая трэці год праводзіць штодзённыя набажэнствы за перадачу былой святыні вернікам. Тым часам з будынкаў кляштара выселеныя службы вайсковай камендатуры і пракуратуры.