Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ “Аб некаторых пытаннях перадачы зямельных участкаў у прыватную ўласнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь”. У дакуменце адзначаецца, што прыняты ён “у мэтах упарадкавання ўжывання эканамічна абгрунтаванага кошту зямель пры перадачы зямельных участкаў ва ўласнасць грамадзян”.
Указ усталёўвае, што зямельныя ўчасткі будуць перадавацца з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную ўласнасць грамадзян Беларусі па іх кадастравым кошце. Выключэнне складаюць толькі зямельныя ўчасткі, якія перадаюцца у прыватную ўласнасць беларускіх грамадзян па льготнай цане і па выніках аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва згодна з заканадаўчымі актамі. Пры гэтым кошт раней перададзеных у прыватнае валоданне ўчасткаў пераглядацца не будзе.
Кадастравая ацэнка зямлі праводзілася Дзяржкамземам у 2003-2005 гады, нагадвае «Беларускі партызан». Паводле зробленай ацэнкі значна падаражэе зямля ў сталіцы і буйных населеных пунктах, а таксама зблізку ад іх. Па ацэнцы спецыялістаў, напрыклад, кошт зямлі пад Менскам павінен павялічыцца ў 20 разоў. Такім чынам, дзяржава спрабуе знішчыць утоены рынак зямлі, калі для будаўніцтва катэджаў, напрыклад, заможныя людзі набывалі пад відам старога будынка зямлю, на якім ён знаходзіцца, разам з прылеглай тэрыторыяй. Пры гэтым у дакументы куплі-продажы ўносіўся прыніжаны кошт аб`екта. У выніку бюджэт недаатрымліваў значныя падатковыя паступленні. Цяпер прадаць зямлю ніжэй яе кадастравы кошт будзе немагчыма.
Другая прычына новаўвядзення – спроба дзяржавы канфіскаваць у насельніцтва частку нявыкарыстанай зямлі, якую яно выкупіла на пачатку 1990-х гадоў. Цяпер зямельны падатак таксама давядзецца плаціць зыходзячы з кадастравай ацэнкі зямлі. Шматлікія землеўласнікі не захочуць плаціць грошы за лішкі пустуючай плошчы і альбо пачнуць уводзіць яе ў сельгаззварот, альбо бязвыплатна перададуць назад дзяржаве.
На прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з дадзеным указам ураду адведзены трохмесячны тэрмін.