Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Магілёўскай актывістцы апазіцыі Крысціне Шацікавай адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце яе затрымання і шпіталізацыі. У паведамленні, атрыманым К.Шацікавай па пошце, гаворыцца, што пракуратура Ленінскага раёна Магілёва правяла праверку і высветліла, што службовыя асобы Магілёўскага абласнога псіхіятрычнага шпіталя, а таксама супрацоўнікі ППС УУС Магілёўскага аблвыканкама, якія праводзілі затрыманне і дастаўлялі К.Шацікаву ў шпіталь, дзейнічалі ў межах правоў, якія надаюцца законам "Аб міліцыі" і законам "Аб псіхіятрычнай дапамозе і гарантыі правоў грамадзян пры яе аказанні".
"Стала вядома, – паведаміла БелаПАН К.Шацікава, – што чатыры чалавекі з майго пад`езда, якія пражываюць па адрасе Пушкінскі праспект, 63, напісалі калектыўную заяву, што нібыта я пакутую на псіхічнае захворванне, выказваю пагрозы ў адрас жыхароў пад`езда і сцвярджаю, што яны хочуць мяне атруціць. На падставе гэтага мяне затрымалі. 26 сакавіка камісія з лекараў-псіхіятраў, якая праводзіла мой псіхіятрычны агляд, прыйшла да высновы, што прымусовае лячэнне і шпіталізацыя мне не патрабуюцца, і я была адпушчаная".
К.Шацікава паведаміла, што пасля кансультацыі з адвакатам яна прыняла рашэнне дамагацца суду. "Я буду змагацца да апошняга. Для мяне прычына майго затрымання і адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы сталі шокам", – заявіла актывістка, якая выхоўвае дваіх непаўнагадовых дзяцей.
23 сакавіка каля магілёўскага кафэ "Пасат" К.Шацікава была выкрадзеная невядомымі, як пасля высветлілася – супрацоўнікамі атрада хуткага рэагавання ППС УУС Магілёўскага аблвыканкама. Яны адвезлі жанчыну ў Магілёўскі абласны псіхіятрычны шпіталь, у якім яна прымусова ўтрымлівалася тры дні.