Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ляўрэаты прэміі БНФ «Адраджэньне» атрымалі ўзнагароды 10:33, 14/05/2007
Адбылося ўрачыстае ўзнагароджаньне ляўрэатаў заснаванай у сьнежні 2006 году прэміі БНФ "Адраджэньне". Першымі ляўрэатамі сталі эканаміст Валеры Дашкевіч (пасьмяротна), выдавец Зьміцер Колас, палітык і грамадзкі дзяяч Павал Севярынец і музыка Зьміцер Сасноўскі.
“Гэтая прэмія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” ўручаецца штогод людзям, якія так ці інакш вылучыліся на глебе працы на карысьць беларускага адраджэньня ў галіне, палітыкі, культуры, адукацыі й навукі, - гаворыць намесьнік старшыні журы, якое вызначала ляўрэатаў, Франак Вячорка. - Сёлета прэмія ўручаецца ўпершыню. Прэмія не грашовая, яна найперш абазначае прызнаньне дасягненьняў чалавека. Я думаю, што часам гэта нашмат каштоўней за грошы”.
На атрыманьне прэміі вылучылі дзесяць намінантаў, чацьвёра зь іх сталі ляўрэатамі. У тым ліку пасьмяротна ўганаравалі беларускага эканаміста Валера Дашкевіча, аўтара больш як тысячы працаў па эканоміцы.
У галіне адукацыі й навукі прэмію атрымаў Зьміцер Колас, які выдаў беларуска-ангельскі і беларуска-нямецкі слоўнікі, а таксама пераклады на беларускую мову выданьняў замежнай літаратуры.
У намінацыі “Культура” прэмію атрымаў музыка Зьміцер Сасноўскі, які разам з гуртом “Стары Ольса” правёў дзясяткі канцэртаў і выдаў некалькі альбомаў беларускай гістарычнай музыкі.
За нізку публікацыяў у “Нашай Ніве” ў намінацыі “Грамадзкая чыннасьць” ляўрэатам прэміі стаў палітык і грамадзкі дзяяч, палітвязень Павал Севярынец.
“Заўсёды прыемна, калі тваю дзейнасьць заўважаюць і нейкім чынам адзначаюць, - гаворыць ляўрэат прэміі Зьміцер Колас, - Прэмія БНФ прыемная, таму што шмат было зроблена. Гэта, натуральна, ня толькі мая заслуга, а і тых аўтараў і супрацоўнікаў, што стваралі гэтыя кнігі й слоўнікі, якія былі выдадзеныя мною летась. Мне гэта прыемна і натхняе на далейшую працу”.
Ляўрэаты прэміі былі узнагароджаныя бронзавымі статуэткамі з выявай вершніка “Пагоні” на падстаўцы з мармуру (аўтар — скульптар Аляксандар Мінько). Адмысловыя скураныя тэчкі для ляўрэатаў стварыў майстар Вячаслаў Дубінка.
"Прэмія БНФ чакае годных ляўрэатаў, - адзначыў прадстаўнік журы прэміі, літаратуразнаўца, грамадзкі дзеяч, сябра Сойму БНФ Лявон Баршчэўскі. - Мы чакаем новых ініцыятываў, новых працаў, якія нельга будзе пакінуць без адпаведнай увагі".
Ляўрэаты прэміі БНФ будуць вызначацца штогод 25 сакавіка.