|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларускім службоўцам забараняюць мець стасункі з журналістамі 10:47, 14/05/2007 Выканаць гэты загад было даручанае намесніку кіраўніка беларускага ўрада, які курыруе пытанні эканомікі, Андрэю Кабякову. У выніку свет убачыў загад віцэ-прэм`ера ўсім дзяржорганам, які канкрэтызуе сказанае прэм`ер-міністрам. Нягледзячы на грыф ДСК, які стаяў на дакуменце, даволі хутка ён стаў вядомы шырокай грамадскасці і на беларускіх інтэрнэт-рэсурсах. Для наладжвання канструктыўнага дыялогу спадар Кабякоў распарадзіўся «забяспечыць кантроль за выступамі (інтэрв`ю, артыкулы) працаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання ў СМІ, у тым ліку недзяржаўных друкаваных выданнях». «Пры выяўленні фактаў неаб`ектыўнага (некарэктнага) асвятлення эканамічных працэсаў» ліст загадвае кіраўнікам Міністэрстваў і ведамстваў прымаць меры «па прыцягненні адзначаных асоб да дысцыплінарнай адказнасці (аж да вызвалення ад занятай пасады)». Акрамя пакарання вінаватых у з`яўленні няпэўнай інфармацыі «пра эканамічныя працэсы», беларускім службоўцам загадалі «даводзіць да грамадскасці» больш «аб`ектыўнай інфармацыі, у тым ліку шляхам публікацыі афіцыйных заяў, аспрэчванняў і інш.». Ліст віцэ-прэм`ера тычыцца не толькі службоўцаў. Ён прапаноўвае Міністэрствам і ведамствам абвінавачваць у няпэўнасці і СМІ. «Накіроўваць адпаведныя прапановы Міністэрству інфармацыі», – адзначаецца ў дакуменце. Удакладнім, што менавіта гэтае Міністэрства курыруе ў Беларусі дзейнасць СМІ, і яно мае права выносіць папярэджанні, патрабаваць растлумачэнняў па публікацыях, прыпыняць і спыняць выхад газет. Як прадугледжвае строгі службоўскі парадак, кожнае міністэрства і ведамства на такое распараджэнне павінна “выдаць” свой унутраны дакумент. Амаль усё міністэрствы вырашылі падстрахавацца і распарадзіліся на ўсялякі выпадак увогуле нічога не казаць журналістам без пісьмовага дазволу міністра. Нават у прэс-службе беларускага МЗС больш не адказваюць на пытанні журналістаў па тэлефоне. Усё толькі ў пісьмовым выглядзе – выверанае, ухваленае, падпісанае ўсімі адказнымі. Такім чынам, перспектыва атрымання аператыўнага афіцыйнага каментара з вуснаў дзяржаўнага службоўца для беларускіх журналістаў стала практычна нерэальным. У дакладзе Дзярждэпартамента ЗША пра захоўванне правоў чалавека ў Беларусі адзначаецца, што гарантаванае Канстытуцыяй права на свабоду слова і друку ў краіне не выконваецца, а заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць СМІ, становіцца год ад года ўсё больш жорсткім. Асабліва актывізаваліся заканадаўцы напярэдадні леташніх прэзідэнцкіх выбараў. У канцы 2005 года 17 недзяржаўных газет былі выкрасленыя з дзяржаўнага падпіснога каталога, а дзяржаўная паштовая сістэма “Белпошта” і дзяржаўная сетка газетных шапікаў “Белсаюздрук” адмовіліся распаўсюджваць іх. Адначасова з гэтым беларускі парламент ухваліў папраўкі ў заканадаўства, якія ўвялі крымінальную адказнасць “за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”. За падаванне ілжывай, на меркаванне ўлад, інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне можна атрымаць да трох гадоў турмы. Недзяржаўную газету могуць закрыць пасля атрымання двух папярэджанняў цягам аднаго года, а прыпыніць яе выхад на тры месяцы можна ўвогуле без пастановы суду. У Беларусі за апошнія гады не з`явілася ніводнага грамадска-палітычнага выдання. Затое спынілі сваё “папяровае” існаванне і спрабуюць існаваць у Інтэрнэце дзве рэспубліканскія грамадска-палітычныя газеты. Адзіная штодзённая недзяржаўная газета змушаная друкавацца за межамі краіны і распаўсюджвацца самастойна. Яшчэ горш прыйшлося газетам мясцовага ўзроўню. Мясцовыя ўлады “трэціравалі” выдаўцоў прыватнікаў гаспадарчымі пытаннямі датуль, пакуль выданне альбо самаліквідавалася, альбо было змушанае змяняць тэматыку сваіх публікацый на больш лаяльную. Адначасова з гэтым падпіска на дзяржаўныя выданні ідзе па разнарадцы. Прадпрыемствы і грамадзян абавязваюць падпісвацца на іх па месцы працы, для чаго атрымоўваюць дзяржаўныя датацыі. Так, у бюджэце мінулага года на гэтыя мэты прадугледжвалася выдзеліць 60 млн. дал., у гэтым – каля 65 млн. Цяпер рыхтуецца новы законапраект аб СМІ. “У ім бязмежна пашыраюцца правы ўсіх дзяржаўных органаў на ўстанову і валоданне друкаванымі і электроннымі масмедыа. У той самы час ствараюцца дадатковыя цяжкасці для стварэння і дзейнасці незалежных СМІ», – ацэньваюць дакумент эксперты Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ). У адпаведнасці з законапраектам практычна нельга будзе заснаваць СМІ «без згоды» органаў улады.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|