Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У апошнія гады ў Расеі ўзніклі спрэчкі з 11 з 17 суседніх дзяржаў 12:00, 15/05/2007
Расея паступова аказваецца ва ўсё больш шчыльным недружалюбным асяроддзі. Нядаўнія падзеі ў сувязі з дэмантадам "Бронзавага салдата" ў Эстоніі папоўнілі шэрагі "ліхіх суседзяў" РФ. Цяпер дрэннымі можна назваць стасункі з 11 з 17 краін, з якімі мяжуе Расея, піша NEWSru.com са спасылкай на газету “Новые известия”. Пры гэтым стасункі псуюцца не толькі з тымі суседзямі, супярэчнасці з якімі аб`ектыўна наканаваныя, але і з тымі, хто проста не згодны прызнаваць Расею вялікай дзяржавай.
Пры гэтым толькі з трыма з гэтых 11-ці краін – Японіяй, Кітаем і Нарвегіяй супярэчнасці наканаваныя якімі-небудзь аб`ектыўнымі гістарычнымі акалічнасцямі. Так, Расея не збіраецца аддаваць Японіі чатыры спрэчных выспы Курыльскай грады, а Японія ўпарта працягвае лічыць іх сваімі Паўночнымі тэрыторыямі. Аналагічная прычына канфлікту ў Расеі з Нарвегіяй. Тут не падзеленая водная акваторыя Барэнцава моры. З Кітаем памежныя спрэчкі Расея ў апошнія гады ўрэгулявала, прычым не на сваю карысць, аддаўшы Кітаю паўтары выспы на рацэ Амур. Крыніца канфлікту тут – нераўнамернасць засялення прымежных тэрыторый дзвюх краін. З расейскага боку мяжы пражываюць каля 10 млн чалавек, з кітайскай – больш за 100 млн чалавек, прычым на кітайскай тэрыторыі насельніцтва расце, а на расейскай – скарачаецца.
Астатнія спрэчныя суседзі Расеі – гэта былыя рэспублікі СССР, а таксама Польшча – былы саюзнік па Арганізацыі Варшаўскай дамовы. Цягам мінулага года моцныя трэнні ўзніклі ў Расеі з Грузіяй. Спачатку Расея забараніла імпарт грузінскіх вінаў і мінеральнай вады "Баржомі", потым справа дайшла да дэпартацыі грузін і транспартнай блакады.
Стасункі з Украінай і Беларуссю за апошнія гады таксама імкліва пагоршыліся. У першым выпадку гэта адбылося пасля канфлікту вакол падзелу Чарнаморскага флоту і ўмяшанні Расеі ў супрацьстаянне паміж кандыдатамі ў прэзідэнты Віктарам Юшчанкам і Віктарам Януковічам. У выніку Расея падвысіла Украіне цану на газ, а Украіна зрабіла адным з прыярытэтаў сваёй палітыкі ўступленне у НАТА. З Беларуссю Расея фармальна з 1994 года будуе саюзную дзяржаву . У рэальнасці эканамічная інтэграцыя дзвюх краін правалілася. Адзінай валюты і адзіных падатковых законаў няма. Больш за тое, у гэтым годзе з аўтамабілістаў дзвюх краін на мытні сталі спаганяць падатак за карыстанне дарогамі другой дзяржавы. А калі ўзімку Расея падвысіла Беларусі цэны на газ, беларускі бок у адказ павялічыў плату за транспартоўку праз сваю тэрыторыю, што прывяло да часовага спынення экспарту нафты ў Еўропу. Цяпер Расея стаіць перад неабходнасцю будаваць нафтаправод у абыход свайго заходняга суседа, які яшчэ нядаўна лічыўся самым верным саюзнікам. Стасункі з Прыбалтыкай у Расеі з самога пачатку былі сапсаваныя з прычыны таго, што Расея была правапераемнікам СССР, які прыбалты ўспрымалі няйначай як краіну-акупанта. Перыядычна прыбалтыйскія палітыкі паднімалі пытанне пра тое, каб спагнаць з Расеі шкоду за акупацыю. Пры гэтым называліся сумы ў дзесяткі мільярдаў даляраў. А Латвія адзін час спрабавала атрымаць Пыталаўскі раён Пскоўскай вобласці, якім валодала з 1920-га па 1940 год. У 2005 годзе краіны падпісалі дамову аб мяжы, і цяпер пытанне вычарпанае. Аднак латвійскія шпроты не пускаюць у Расею з прычыны перавышэння нормаў бензапірэна. Забараніла Расея і імпарт мяса з Польшчы нібыта праз яго неадпаведнасць ветэрынарным нормам.
Палітолаг Зміцер Арэшкін сказаў НІ, што цяперашняя расейская ідэалогія – гэта спроба дамагчыся рэваншу і аднавіць вялікую дзяржаву. Але, па яго словах, "у Расеі няма таго, што магло б яе зрабіць цэнтрам прыцягнення і геапалітычнага ўплыву – магутнай і разнастайнай эканомікі". Грамадзяне былых савецкіх рэспублік хочуць жыць "як у Нямеччыне, а не як у Смаленскай вобласці", таму "ўсе арыентуюцца на Захад". А Расеі застаецца толькі абмяжоўваць імпарт тавараў мясцовай вытворчасці і падвышаць цэны на энерганосьбіты.
Дырэктар Інстытута краін СНД дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін заявіў, што "не варта шукаць сяброў сярод суседзяў". "Гэта краіны, якія перажываюць перыяд станаўлення сваёй незалежнасці, і сярод іх лагічна шукаць здабычу, а не сяброў", – удакладніў ён. Каментуючы ж дзеянні расейскіх улад, Затулін кажа, што "адбыўся рэзкі пераход ад абыякавасці да сваіх інтарэсаў да іх адстойвання", а сама незалежнасць постсавецкіх рэспублік "ужо з`яўляецца актам волевыяўлення не на нашу карысць".
Сярод постсавецкіх рэспублік добрымі можна назваць стасункі толькі з Арменіяй, якая залежыць ад паставак расейскіх энерганосьбітаў і прысутнасці расейскай вайсковай базы ў Гюмры, а таксама з усімі сярэднеазіяцкімі рэспублікамі. Зміцер Арэшкін кажа, што гэта паказальна для цяперашняй расейскай палітыкі, калі "на еўрапейскім флангу нідзе поспехаў няма, а на ўсходнім з рэжымамі тыпу Туркменбашы ў нас нядрэнна". Па яго словах, прыцягненне гэтых краін да Расеі звязанае з іх адноснай неразвітасцю.
Зрэшты, пакуль Расея з`яўляецца краінай, куды прыязджаюць. Старшыня камітэта Дзярждумы па справах СНД Андрэй Какошын учора заявіў, што Расея павінна прыцягваць працоўных мігрантаў найперш "з краін, з якімі складаюцца дружалюбныя стасункі". Так у Расеі з`яўляецца яшчэ адна зброя – міграцыйная. А у суседзяў – яшчэ адна падстава для крыўды.