Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расце адмоўнае знешнегандлёвае сальда 14:01, 15/05/2007
Беларусь у першым квартале сфармавала адмоўнае знешнегандлёвае сальда таварамі і паслугамі ў памеры 547 мільёнаў даляраў пры прагназаваным па выніках года станоўчым сальда ў памеры 500-600 мільёнаў даляраў. Сітуацыя ў знешнім гандлі, а таксама іншыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны абмяркоўваліся падчас нарад у А.Лукашэнкі.
Як паведаміла яго прэс-служба, экспарт тавараў і паслуг у студзені–сакавіку павялічыўся на 7,5% да аналагічнага перыяду 2006 года пры прагнозе 13,2–14,5% на 2007 год, імпарт – на 20% пры прагнозе на год 8,5–9,5%. Фармаванне адмоўнага сальда знешняга гандлю абумоўленае пераважна за кошт закупаў энерганосьбітаў, сыравіны, матэрыялаў, камплектуючых, тэхнікі.
Пры гэтым прэм`ер-міністр Сяргей Сідорскі асобна адзначыў, што значную ролю ў імпарце іграюць тавары, якія могуць паспяхова вырабляцца ў Беларусі (бытавая тэхніка, лекі, касметычныя і сінтэтычныя мыючыя сродкі) і пацвердзіў намер дасягнуць станоўчага сальда ў знешнім гандлі па выніках года.
У прыватнасці, урад прапрацаваў праект указу па стымуляванні вытворчасці асобных выглядаў тавараў. “У дакуменце прадугледжаныя мяккія меры, якія нацэленыя на тое, каб эканамічна зацікавіць прадпрыемствы ствараць вытворчасці прадукцыі па пэўным пераліку”, – адзначае прэс-служба.
У 2006 годзе ў Беларусі былі рэалізаваныя 108 праектаў імпартазамяшчэння, выпушчаныя імпартазамяшчальных тавараў на суму 664 мільёны даляраў.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не дапусціць падзення аб`ёмаў вытворчасці ніжэй за прагназаваныя, як у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы, а таксама не дапусціць абвалу ў знешнім гандлі, павелічэння адмоўнага сальда гандлёвага балансу і пагаршэння фінансавага стану рэальнага сектара эканомікі.
На думку А.Лукашэнкі, у цэнтры ўвагі павінны знаходзіцца пытанні цэнаўтварэння, развіцця малых гарадоў і пасёлкаў, вывядзення на рэнтабельную працу буйных вытворчасцяў. Пры гэтым А.Лукашэнка перакананы, што цягам самых блізкіх гадоў ад прадпрыемстваў, якія фактычна “дыхаюць на ладан”, трэба рашуча пазбавіцца, паведамляе ПРАЙМ-ТАСС.