Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Памёр грамадзкі дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША Алекс Сільвановіч 16:07, 15/05/2007
У Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрзі, ЗША) 14 траўня на 71-м годзе жыцьця пасьля зацяжной хваробы памёр Аляксандар (Алекс) Сільвановіч, шматгадовы працаўнік на беларускай грамадзкай, рэлігійнай, культурнай і палітычнай ніве, паведаміла “Радыё Свабода”.
Прыехаўшы з бацькамі ў Амэрыку на пачатку 1950-х гадоў, Алекс Сільвановіч здабыў вышэйшую асьвету, працаваў у Тэхналягічнай групе ў штаце Нью-Джэрзі на адказных пасадах.
Быў шмат гадоў сябрам Прэзыдыюму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, належаў да Рады і Кансысторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, да Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Браў актыўны ўдзел у арганізаваньні і завозе ў Беларусь гуманітарнай дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы. Быў сустаршынём Кааліцыі ў абарону дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. Лабіраваў у Вашынгтоне справу дапамогі Беларусі ў змаганьні за незалежнасьць і дэмакратыю. Быў сябрам рэдкалегіі ангельска-беларускага слоўніка, які летась выйшаў друкам у Менску.
Алекс Сільвановіч будзе пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Рывэры (Нью-Джэрзі).