Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Леанід Заіка: Бізнэс-супольнасць схільная да правядзення новай эканамічнай палітыкі 10:59, 15/05/2007
Адным з адказаў Беларусі на сучасныя знешнія і ўнутраныя выклікі з`яўляецца правядзенне "новай эканамічнай палітыкі", лічыць дырэктар аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка. Такое меркаванне ён выказаў 14 траўня на паседжанні круглага стала "Бізнэс Беларусі ў кантэксце новай эканамічнай палітыкі", паведамляе БелаПАН.
Сярод выклікаў і пытанняў часу эксперт найперш вылучыў шок ад падвышэння цэнаў на энерганосьбіты, фінансавую ўстойлівасць прадпрыемстваў, абменны курс валют і інфляцыю, канкурэнтаздольнасць вытворчасці і прадукцыі, хуткасць і прафесіяналізм адказаў, новую логіку дзеянняў.
Сярод адказаў на выклікі эканоміцы эксперт назваў пяць варыянтаў. "Першы – мабілізацыя эканомікі, як гэта было зроблена ў перыяд "вайсковага камунізму", – сказаў Л.Заіка.– Другі варыянт – праца "пажарнай каманды" (у нашай гісторыі гэта быў прыклад Вячаслава Кебіча і Сяргея Лінга)". Таксама магчымы варыянт "млявабягучай адаптацыі". "У гэтым выпадку ўсе робяць выгляд, што ў эканоміцы нешта адбываецца, яна рэагуе на выклікі, але рэакцыя на знешнія цэнавыя фактары адбываецца за кошт паніжэння аб`ёмаў вытворчасці, як варыянт паніжэння выдаткаў вытворчасці, – сказаў Л.Заіка. – У дадзеным выпадку якасных змен чакаць складана". У якасці яшчэ аднаго з адказаў эксперт назваў "перадпродажную падрыхтоўку Беларусі". На думку Л.Заікі, яна будзе здзяйсняцца найперш у дачыненні нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. "Далей можна прадаваць прадпрыемствы мясной і малочнай прамысловасці, бо малако і мяса – гэта нацыянальны прадукт", – падкрэсліў дырэктар аналітычнага цэнтра.
"Бізнэс-супольнасць найбольш схільная да пятага варыянту – правядзення новай эканамічнай палітыкі. Яна прадугледжвае актыўную рэструктурызацыю эканомікі, інавацыйнае развіццё, актыўную канкурэнцыю, стымуляванне стварэння новых працоўных месцаў, развіццё прадпрымальніцтва і сямейнага бізнэсу, экспарт працоўных паслуг і рэалізацыю нацыянальных праектаў", – сказаў Л.Заіка.