Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта парушаюць Закон аб звароце грамадзян 14:27, 15/05/2007
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” лічыць, што супрацоўнікі Адміністрацыі прэзідэнта парушаюць Закон аб звароце грамадзян, не рэагуючы на звароты студэнтаў менскіх ВНУ з просьбай не прымаць законапраект аб адмене льгот. У сувязі з гэтым ад імя РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” быў накіраваны ліст старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Сцяпану Сухарэнку і старшыні Савета бяспекі Віктару Шэйману.
У Рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб’яднанне “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” (БХК) звярнулася група студэнтаў, занепакоеных планаванымі зменамі заканадаўства ў сферы льгот, з просьбай аказаць прававую дапамогу ў працэсе збору подпісаў у адрас органаў дзяржаўнай улады супраць адмены льгот згодна з Законам “Аб зваротах грамадзян”. Дзеянні ў абарону інтарэсаў студэнтаў падтрымала Камісія па правах моладзі, якая навучаецца, БХК.
Студэнтамі былі сабраныя каля 5000 подпісаў пад калектыўнымі зваротамі да старшыні «палаты прадстаўнікоў», «дэпутатам» ад выбарчых акруг сярод студэнтаў, якія пражываюць у інтэрнатах, а таксама больш за 100 пад лістамі ў адрас Аляксандра Лукашэнкі і старшыні “палаты прадстаўнікоў”, у якіх выказваецца стаўленне моладзі, якая навучаецца, да планаваных зменаў, а таксама выказвалася просьба абараніць правы студэнтаў і не дапусціць адмены льгот.
5 траўня гэтага года больш за 100 лістоў у адрас Прэзідэнта ў прысутнасці старшыні Камісіі па правах моладзі, якая навучаецца, БХК Т. Гацура былі апушчаныя ў скрыню для лістоў Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
10 траўня адзін з студэнтаў звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта з мэтай высветліць, ці быў зарэгістраваны яго ліст і на якой стадыі разгляду ён знаходзіцца, на што атрымаў адказ, што ніякіх лістоў у адрас прэзідэнта ў адміністрацыю не паступала. Прадстаўнікі БХК таксама звярталася ў адміністрацыю, на што атрымалі адказ, што ніякіх лістоў ад студэнтаў не паступала.
Дадзенымі дзеяннямі супрацоўнікі адміністрацыі Прэзідэнта груба парушылі патрабаванні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян», лічаць праваабаронцы. «Магчыма, гэта робіцца з мэтай схаваць ад Лукашэнкі рэакцыю моладзі на ўшчамленне іх правоў і пазбаўленне сацыяльных гарантый. Мы лічым, што кіраўніцтва краіны павінна атрымліваць аб`ектыўную і поўную інфармацыю наконт падзей, што адбываюцца ў краіне, і рэакцыі грамадства на іх. Просім правесці праверку па дадзеным факце і ўжыць адпаведныя меры рэагавання да асоб, вінаватых ва ўтойванні інфармацыі ад кіраўніка дзяржавы», – гаворыцца ў заяве БХК.