|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларускі рок пад забаронай: адмененыя канцэрты гуртоў «Крама», «Indiga», «Partyzone», ZET і IQ48 18:09, 15/05/2007 У тым, што дзяржава ўзяла пад поўны кантроль музычную сфэру, мог заўпэўніцца кожны, хто сачыў за падрыхтоўкай да фэстывалю “Эўравізія”. Артыста Калдуна ўзяла пад пільную апеку ня толькі міністэрства культуры. Дастаткова азнаёміцца з Пастановай Савета Міністраў ад 16 лютага “Аб стварэньні аргамітэта па падрыхтоўцы да конкурсу песьні Эўравізія”. У гэты камітэт увайшлі віцэ-прэм`ер Аляксандар Касінец, дарадца прэзыдэнта Алег Пралескоўскі, а таксама такія адыёзныя асобы, як Аляксандар Зімоўскі і Юры Азоранак. Апошні ачоліў беларускую дэлегацыю ў Хэльсынкі. Таму ня дзіва, што чыноўнікі не даюць ходу ідэалягічна няправільнай, на іх думку, музыцы. Толькі за апошнія дні ў Беларусі былі забароненыя тры рок-канцэрты. Гурты ZET і IQ48 меліся даць вялікі канцэрт у менскім клюбе “Арэна” ў панядзелак. Аднак зь незразумелых прычынаў у дзень канцэрту клюб адмовіў арганізатарам у памяшканьні. Апавядае Лявон Вольскі, які рыхтаваўся ў гэты дзень выйсьці на сцэну “Арэны”. “Літаральна ў апошні момант у клюб затэлефанавалі з упраўленьня культуры Менгарвыканкаму і параілі не праводзіць канцэрт. Сьпехам яго перанеслі ў “Катакомбы”. Не магу зразумець навошта было тэлефанаваць, гэта ж толькі азлабляе музыкаў ды іх прыхільнікаў. Маглі бы заплюшчыць вочы на гэтае мерапрыемства, тым больш яно было непалітызаванае”, -- распавёў “Радыё Рацыя” Вольскі. Канцэрт усё ж удалося правесьці ў гэты дзень у іншым клюбе. Празь некалькі хвілінаў пасьля яго пачатку да арганізатараў падыйшлі некалькі міліцыянтаў і людзей у цывільным ды запрасілі таго прайсьці зь імі. “Нас затрымалі, але нікуды не забіралі. Завялі ў пакой у самім клюбе, дзе прысутнічалі прадстаўнікі КДБ і міліцыянты. Склалі пратакол аб арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства з удзелам гуртоў ZET і IQ48. Казалася пра тое, што ёсьць непажаданыя гурты. Яны не забароненыя, але іх публічны выступ непажаданы”, -- паведаміў “Радыё Рацыя” арганізатар імпрэзы. У гэты ж дзень чыноўнікі чарговы раз адмовілі ў правядзеньні канцэрту “Крамы”. Канцэрт плянавалася правесьці 30 траўня ў клюбе “Night Star”, але пасьля таго ж тэлефанаваньня зьверху кіраўніцтва клюбу папрасіла ў арганізатараў прабачэньне і адмяніла мерапрыемства. Дырэктар гурта Павал Кашырын зноў наведваў упраўленьне культуры Менгарвыканкаму, якое дае дазволы на правядзеньне культурных імпрэзаў у сталіцы. Чыноўнікі знайшлі новую прычыну, каб адмовіць у правядзеньні прэзэнтацыі новага дыску гурта “Крама”. “Сказалі, што нізкі мастацкі ўзровень. Гэта сказаў не непасрэдны кіраўнік адделу культуры Кураш і не ягоны намесьнік Сабітаў, зь якімі мы мелі размову. Яны спаслаліся на ідэолягаў, якім Кураш даў паслухаць новы альбом “Крамы”. Была нават прапанова худсавет склікаць. Для музыкаў гэта абразьліва”, -- паведаміў Кашырын. Тым ня менш, як ўпэўніваюць удзельнікі “Крамы” яны маюць намер правесьці канцэрт, негледзячы на перашкоды. Ён ня будзе шырока анансавацца, але арганізатары прэзэнтацыі раяць сачыць за абвесткамі ў інтэрнэце. Зь ня меншымі праблемамі сустракаюцца арганізатары канцэртаў у рэгіёнах. У Мазыры плянавалася зрабіць вялікі рок-канцэрт з удзелам менскіх гасьцей – гурта “Partyzone” і “Indiga”. “Увечары перад канцэртам мне патэлефанавалі арганізатары і паведамілі, што нашага выступу ня будзе, бо канцэрт “крышачку забаранілі”. Што значыць “крышачку” я не разумею, болей з гэтымі людзьмі я не размаўляла”, -- паведаміла Руся. Па інфармацыі арганізатараў, канцэрт забараніў намесьнік мэра горада з красамоўным імём Фэлікс Галюк. Пасьля яго тэлефанаваньня былі зьнятыя ўсе афішы ды зачыненая заля мясцовага ДК. Адзін з завадатараў гэтай акцыі Юрась здолеў дазнацца, што прычынай забароны быў удзел гурта “Indiga”. Спробы разабрацца ў сытуацыі ніякага плёну не прынесьлі. Юрась распавядае, як ён хадзіў на прыём да Галюка. “Я хадзіў да яго афіцыйна на прыём. Ён сказаў, што гэта не яго пытаньні, і скіраваў нас у аддзел культуры. Там на нас паглядзелі са зьдзіўленьнем і паведамілі, што аніякага дачыненьня да гэтага не маюць, бо мясцовае ДК не падпарадкоўваецца гарадзкой адміністрацыі. І адправілі нас ізноў да Галюка. Намесьніка мэра мы засьпелі на прыступках выканкаму. Ён сказаў: ідзеце адсюль, бо вамі зоймуцца іншыя людзі. І пайшоў далей”. На днях пабачыў сьвет новы альбом каманды N.R.M., але Лявон Вольскі ня пэўны, што ягоная прэзэнтацыя пройдзе на тэрыторыі Беларусі. Хіба што ў падземным пераходзе зайграць, - жартуе музыка. Што ў гэтай сувязі рабіць айчынным рок-музыкантам, на дзейнасьць якіх па-сутнасьці накладзеная забарона? “Мне самому сабе хочацца задаць такое ж пытаньне. Атрымліваецца як за Саветамі, але яшчэ болей цынічней. Выйсьце ў правядзеньні кватэрнікаў. Пашыраць замежны ўплыў, ладзіць канцэрты ў іншых краінах - адзінае, што застаецца”, -- лічыць Лявон Вольскі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|