Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Іран будзе будаваць у Беларусі гідраэлектрастанцыі 10:27, 16/05/2007
Беларусь і Іран разглядаюць магчымасць супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва гідраэлектрастанцый у нашай краіне. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БелТА першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер ДВА "Белэнерга" Аляксандр Сівак.
Суразмоўца адзначыў, што ў красавіку гэтага года прадстаўнікі "Белэнерга" наведалі Іран, дзе азнаёміліся з патэнцыялам іранскага боку ў частцы будаўніцтва гідраэлектрастанцый і вытворчасці асноўнага энергетычнага абсталявання як для ГЭС, так і для цеплавых станцый. Іранскія спецыялісты могуць аказаць дапамогу ў праектаванні гідраэлектрастанцый.
Па словах Аляксандра Сівака, гаворка ідзе пра магчымае супрацоўніцтва ў галіне рэалізацыі праектаў па будаўніцтве Гарадзенскай і Полацкай ГЭС. У той самы час ён падкрэсліў, што ўсё будзе вызначацца па тэндэры.
Нагадаем, у Беларусі да 2010 года плануецца пабудаваць Гарадзенскую гідраэлектрастанцыю магутнасцю 17 Мвт на рацэ Нёман і Полацкую ГЭС (23 Мвт) на рацэ Заходняя Дзвіна. Магутнасць кожнай з гэтых станцый будзе вышэйшая за сумарную ўсіх дзейных цяпер ГЭС у Беларусі.
Праекты па будаўніцтве Гарадзенскай і Полацкай ГЭС уключаныя ў дзяржпраграму інавацыйнага развіцця Беларусі на 2007–2010 гады. На іх рэалізацыю плануецца накіраваць Br 143,38 млрд. і Br 149,78 млрд. адпаведна.