|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Ярмоленка, Ціхановіч і Фінберг ацанілі «мастацкі ўзровень» «Крамы» 13:47, 16/05/2007 На пытанне “Як вы ацэньваеце мастацкі ўзровень гурта “Крама”?”, Міхаіл ФІНБЕРГ адказаў досыць сціпла: "Нічога дрэннага пра гэты гурт сказаць не магу". Васіль РАІНЧЫК: "“Крама” вельмі падабаецца. Дый наогул я яе лічу самым прыгожым гуртом". Іна АФАНАСЬЕВА ўпэўненая, што гурт “Крама” – сапраўдныя беларусы: “Мне яны заўсёды падабаліся. Гэта ўсё ж такі самыя першыя нашы, самыя што ні ёсць сапраўдныя беларусы”. Спадарыня Афанасьева зацікавілася прэзентацыяй новага альбому “Крамы”: “Я з задавальненнем прыйду”. Аляксандр ЦІХАНОВІЧ мяркуе, што “Крама” нават сёння знаходзіцца ў авангардзе беларускай рок-музыкі: “Па-першае, гэта адзін з першых беларускіх рок-гуртоў. Тых, якія з’явіліся ўжо ва ўмовах постсавецкай прасторы. Гурт, які вельмі своеасаблівы”. Анатоль Ярмоленка лічыць “Краму” найлепшым рок-гуртом Беларусі, ганарыцца сумеснай работай з музыкамі (нагадаю, што ў 1996 годзе “Крама” і Ярмоленка спявалі разам “Гомельскі вальс”). А сам Ігар Варашкевіч, на думку мэтра, “талковы хлопец”. Анатоль ЯРМОЛЕНКА: “Гэта адзін з найцікавейшых рок-гуртоў Беларусі. І працавалі мы разам, калісьці нашыя шляхі перакрыжоўваліся, я нават спяваў з імі песню. Гэта, на маю думку, цікавы і добры калектыў. То бок у авангардзе рок-гуртоў, якія ў нас можна пералічыць на пальцах, гэта ў першай тройцы. І Варашкевіч таксама вельмі здольны і талковы ў сваім жанры. Як музыка, я яго цаню”. Ірына Дарафеева не толькі паважае гурт “Крама” як музыкаў і прафесіяналаў, але і не хавае таго, што яна даўняя прыхільніца калектыву. На думку спявачкі, крамаўцы – малайцы, бо не здрадзілі сабе і сваёй музыцы. Ірына ДАРАФЕЕВА: “Я магу сказаць, што мне вельмі падабаецца іх прафесійны ўзровень і выканаўчае мастэрства. І ў цэлым я як слухач люблю гэты гурт, таму што яшчэ ў дзяцінстве ў горадзе Магілёве была на якімсьці з іх самых першых канцэртаў, які праходзіў проста на адкрытай пляцоўцы. Пасля гэтага на “Рок-каранацыі” слухала іх. І ў цэлым магу сказаць, што яны проста малайцы. Так доўга трымацца і не здраджваць сабе могуць далёка не ўсе”. Спявачка радасна сустрэла навіну пра новы альбом “Крамы” і чакае запрашэння на канцэрт: “Мне б было вельмі прыемна туды трапіць. Буду з нецярплівасцю чакаць запрашэння”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|