Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дыктатуру падключаць да рэактара 15:07, 16/05/2007
Расея падпісала пагадненне з М`янмай (былая Бірма) аб будаўніцтве ў гэтай краіне даследчага ядзернага рэактара і цэнтра ядзерных даследаванняў. Па ацэнках, сума кантракту "Атомстройэкспорта" складзе $50–70 млн. Расея атрымае магчымасць замацавацца на рынку ядзерных тэхналогій у рэгіёне і сутыкнецца з надзвычай жорсткай крытыкай з боку іншых краін – бірманскі рэжым з 1960-х гадоў лічыцца практычна ва ўсім свеце ваеннай дыктатурай, нагадвае «Коммерсант».
Учора Расея ў асобе “Росатома” падпісала міжурадавае пагадненне з М`янмай (былая Бірма) аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве ў краіне цэнтра ядзерных даследаванняў. Свае подпісы пад пагадненнем паставілі кіраўнік “Росатома” Сяргей Кірыенка і міністр навукі і тэхналогій Саюза М`янмы У Таўнг. Пагадненнем прадугледжваецца, што Расея спраектуе і пабудуе ў М`янме цэнтр ядзерных даследаванняў. Будаваць даследчы рэактар на лёгкай вадзе магутнасцю 10 Мвт будзе кампанія "Атомстройэкспорт" (АСЭ), якая ўжо мае ў сваім партфелі заказаў сем атамных блокаў.
Палітычнае становішча ў былой Бірме, у якой на працягу дзесяцігоддзяў кіруе ваенны рэжым, “Росатом” не бянтэжыць. "Саюз М`янма падпісаў дамову аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і з`яўляецца сябрам МАГАТЭ, так што з прававога пункту гледжання няма ніякіх прычын адмаўляць гэтай краіне ў дапамозе па будаўніцтве даследчага рэактара, які па большай частцы будзе выкарыстоўвацца для напрацоўкі медыцынскіх ізатопаў", – так пракаментаваў падпісанне пагаднення прэс-сакратар Сяргея Кірыенкі Сяргей Новікаў. Акрамя таго, то абсталяванне, якое будзе пастаўленае, выключае магчымасць пераарыентацыі рэактара на ваенныя патрэбы, падкрэсліў спадар Новікаў. "Паліва, якое будзе пастаўляцца на гэты рэактар, змяшчае ўран–235 з узбагачэннем менш як 20%, што адпавядае нормам МАГАТЭ", – падагульняе ён.
Нагадаем, цяпер АСЭ працуе адначасова па розных праектах у Кітаі, Індыі, Іране і Баўгарыі. Праўда, даследчых рэактараў АСЭ яшчэ не будаваў. Затое "Зарубежатомэнергострой", на базе якога і ствараўся АСЭ ў 1998 годзе (фактычна шляхам зліцця з іншым знешнегандлёвым аб`яднаннем – "Атомэнергоэкспорт"), за гады савецкай улады паспеў пабудаваць такія цэнтры ў 12 краінах (у тым ліку, напрыклад, у Іраку і Лівіі) і не паспеў у дзвюх – Гане і Інданезіі: гэтага не дазволіла палітычнае становішча.
І ў “Росатоме”, і ў "Атомстройэкспорте" не здолелі ацаніць суму будучага кантракту. Эксперты лічаць, што дыяпазон цэнаў на будаўніцтва такога цэнтра даволі вялікі: ад $5 млн да $100 млн. У выпадку з М`янмай, мабыць, гаворка ідзе пра вілку ў $50–$70 млн, бо цэнтр будзе ўключаць розныя лабараторыі, а таксама ўсталяванне па перапрацоўцы радыеактыўных адыходаў і пункт іх пахавання. У АСЭ упэўненыя, што контуры будучага кантракту могуць выяснець ужо сёння: у сераду павінна адбыцца першая сустрэча кіраўніцтва АСЭ з дэлегацыяй М`янмы.
Мэта “Росатома” ў бірманскім кантракце – хутчэй, не прыбытак ад праекту, а ўмацаванне сваіх пазіцый у ключавым для развіцця атамнай энергетыкі рэгіёне – Паўднёваўсходняй Азіі. "Відавочна, даследчы ядзерны цэнтр – толькі першы крок, напэўна за гэтым варта чакаць будаўніцтва паўнавартаснай АЭС", – заявіў Ъ адзін з галіновых экспертаў. Адзначым, пакуль ніякай рэакцыі на пагадненне Расеі і М`янмы ў атамнай галіне з боку іншых краін не было. Аднак відавочна, што, улічваючы сітуацыю вакол ядзернай праграмы Ірана, любое садзейнічанне вайсковаму рэжыму М`янмы ў галіне атамных даследаванняў будзе ўспрынятае ў свеце надзвычай негатыўна.