Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сышоў у адпачынак. Апошнім разам беларускі прэм`ер адпачываў у мінулую восень. У лістападзе ён адпачываў два тыдні. Цяпер водпуск Сяргея Сідорскага таксама будзе цягнуцца менш за месяц – да 1 чэрвеня. Прэм`ер, дарэчы, сышоў у адпачынак у той час, калі ў Менску чакаюць прыезд кіраўніка Газпрома Аляксея Мілера. Зрэшты, абавязкі прэм`ера цяпер выконвае яго намеснік Уладзімір Сямашка, які ва ўрадзе і адказвае за энергетыку.
Сам прэм`ер да канца водпуску таксама без працы не застанецца. Як паведамляе прэс-служба беларускага прэм`ера, 25 траўня Сяргей Сідорскі будзе ў Ялце на паседжанні Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Дарэчы, Ялта – нядрэннае месца і для працы, і для адпачынку.
А тым часам адпачынак прэм`ера злыя языкі звязалі з яго магчымай адстаўкай. Уся справа ў тым, што ў водпуск Сідорскі сышоў акурат пасля нарады ў Лукашэнкі, на якой вынікі першага квартала раскрытыкаваў намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.
Леанід Анфімаў, паводле інфармацыі Інтэрфакса, сказаў:
– Сёння мае месца недаацэнка, а магчыма, нават няправільная ацэнка наяўнага становішча ў эканоміцы… Яна кладзецца ў аснову рашэнняў, якія прымае ўрад, па вырашэнні сітуацыі ў рэальным сектары эканоміцы.
Зрэшты, як распавёў "КП в Беларуси" прэс-сакратар Сяргея Сідорскага Аляксандр Цімашэнка, такімі чуткамі суправаджаецца кожны адпачынак кіраўніка беларускага ўрада.
Летась пагалоска адпраўляла прэм`ера ў адстаўку двойчы. Першы раз увесну, калі перад прызначэннем новага ўрада Сяргею Сідорскаму праракалі пасаду амбасадара ў Расеі. Другі раз увосень – падчас чарговага водпуску.