Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
З 17 па 10 чэрвеня ў Беларусі пройдуць Дні культуры Швецыі 11:12, 16/05/2007
З 17 па 10 чэрвеня ў Беларусі пройдуць Дні культуры Швецыі. Як паведаміў 15 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік аддзялення амбасады Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, галоўнымі іх тэмамі стануць літаратура і кіно.
Дні культуры Швецыі, прымеркаваныя да Нацыянальнага дня краіны, праводзяцца ў Беларусі ўжо ў шосты раз. Мерапрыемствы арганізаваныя аддзяленнем амбасады Швецыі ў Беларусі пры падтрымцы Шведскага інстытута.
Па словах С.Эрыксана, 17 траўня ў касцёле святых Сімяона і Алены ў Менску пройдзе прэзентацыя другога выдання кнігі Андрэя Катлярчука "Швэды ў гiсторыi й культуры беларусаў". У рамках прэзентацыі запланаваная сустрэча з аўтарам.
24 траўня ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы сталіцы адбудзецца прэзентацыя кнігі шведскага дзіцячага пісьменніка Енца Албама "Енатан з гары чаек". Кніга напісаная з ухілам для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Гэта казка пра хлопчыка, які жыве ў краіне, дзе ўсе жыхары ўмеюць лётаць. У яго няма крылаў, таму ён не можа лётаць у школу. Кніга распавядае пра тое, як галоўны герой знаходзіць выхад з гэтай сітуацыі. На прэзентацыю будуць запрошаныя дзеці з асаблівасцямі развіцця, якія атрымаюць кнігу ў падарунак. На сустрэчу таксама прыедзе аўтар.
Па словах С.Эрыксана, з 30 траўня па 2 чэрвеня ў трох гарадах Беларусі будуць арганізаваныя літаратурна-музычныя дні. У іх возьмуць удзел шведская пісьменніца Астрыд Тротцыг, паэты Эрык Берквіст і Клаўдзія Маркс, а таксама шэраг беларускіх пісьменнікаў і музыкаў. Мерапрыемствы пройдуць 30 траўня ў Менску, 31 траўня – у Гародню, 1 чэрвеня – у Пінску (Берасцейская вобласць). Гэтымі днямі з Менска ў Пінск праз Гародню таксама традыцыйна пройдзе "літаратурна-музычны аўтобус". Студэнты, маладыя літаратары, пісьменнікі будуць спыняцца ў розных гарадах і праводзіць літаратурна-музычныя мерапрыемствы.
У рамках Дзён культуры Швецыі з 28 траўня па 6 чэрвеня ў сталічным кінатэатры "Перамога" адбудзецца паказ фільма Кая Поллака "Як на нябёсах", які быў удастоены чатырох узнагарод на фэсце "Лiстапад" у 2006 годзе. 7 чэрвеня ў кінатэатры "Цэнтральны" можна будзе ўбачыць два дакументальныя фільмы – "Так, як тут" Андэрса Фельмана і Даніэля Сверда і "Мужчынская справа" беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч.
Завершаць праграму тры мастацкія фільмы. 8 чэрвеня будзе паказаная стужка "Бывай, Фалькенберг" Еспера Гансланта, 9 чэрвеня – "Чортавы правінцыялы" Марыі Блум, 10 чэрвеня – "Віват, кароль!" Ульфа Мальмраса. Кожны фільм будзе паказаны двойчы за дзень: першы раз – на мове арыгінала з ангельскімі субцітрамі, другі – з перакладам на беларускую мову.