Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Human Rights Watch: Краіны-сябры ААН мусяць сказаць «не» беларускім уладам 14:29, 16/05/2007
Паводле дырэктара сэкцыі глябальных праблемаў праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” Пэгі Гікс, Генэральная Асамблея павінна адхіліць заяўку ўладаў Беларусі на сяброўства ў Радзе ААН у правах чалавека.
Дагэтуль супраць кандыдатуры Беларусі выступіла кааліцыя з больш як сарака нацыянальных і міжнародных праваабарончых групаў з усяго сьвету. Выбары адбудуцца 17 траўня.
На два месцы ва ўсходнеэўрапейскай сэкцыі Рады, акрамя Беларусі, прэтэндуюць Славенія і Босьнія. “Human Rights Watch” крытыкуе цяперашнюю фармальную практыку галасаваньня ў Раду з гэтак званымі “чыстымі сьпісамі”, паведамляе “Радыё Свабода”.
Як гаворыцца ў заяве арганізацыі, “выбары могуць быць сапраўднымі толькі ў тым выпадку, калі кожная з 97 краін-сяброў ААН напіша на выбарчым бюлетэні імя кандыдата”.
Для адной з кіраўніц “Human Rights Watch” Пэгі Гікс незразумела, “якім чынам сябры ААН могуць апраўдаць галасаваньне за Беларусь”. Яна перакананая, што абраньне Беларусі толькі пашкодзіць аўтарытэту Рады і Генэральнай Асамблеі ААН.
Паводле Пэгі Гікс, “Беларусь — гэта краіна, якая шэсьць месяцаў таму публічна адмовілася супрацоўнічаць з Радай ААН у правах чалавека. Спэцдакладчык Рады Адрыян Сэвэрын пазбаўлены беларускімі ўладамі магчымасьці выконваць свой мандат і адсочваць сытуацыю ў краіне”.
“Толькі аднаго гэтага дастаткова, каб сказаць “не” Беларусі, — перакананая Гікс. — У сваю чаргу афіцыйны Менск у зьвязку з вылучэньнем сваёй кандыдатуры заявіў, што супрацоўнічае з мэханізмамі ААН у галіне правоў чалавека. Беларускі бок таксама запэўніў у сваёй рашучасьці выконваць міжнародныя абавязаньні ў правах чалавека”.