Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандр Ярашук: Інфармацыя Мінюста – цынізм і крывадушнасць 16:05, 16/05/2007
Міністэрства юстыцыі апублікавала інфармацыю пра дзяржаўную рэгістрацыю і пастаноўку на ўлік арганізацыйных структур прафесійных саюзаў у першым квартале 2007 года. Па дадзеных Мінюста, за гэты перыяд на ўлік пастаўленыя 106 новых першасных прафсаюзных арганізацый.
Усяго ж па стане на 1 красавіка 2007 года ў Беларусі зарэгістраваныя 33 рэспубліканскія, 2 тэрытарыяльныя прафсаюза, 2 прафсаюза арганізацый, 22 094 арганізацыйныя структуры прафсаюзаў. Найбольшая колькасць прафсаюзных арганізацый зарэгістраваная ў Берасцейскай вобласці – 4 162, а найменшае – у Менскай вобласці – 2 422. Мінюст таксама інфармуе пра тое, што дадзеная праца “ў цэлым праводзіцца згодна з нормамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, Канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы”.
Старшыня Беларускай канфедэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук у інтэрв`ю “Белорусскому партизану” назваў інфармацыю Мінюста “цынізмам” і “крывадушнасцю”. Па яго словах, з 1999 года, калі дэкрэтам прэзідэнта быў скасаваны заяўнічы прынцып стварэння прафсаюзных арганізацый, структуры, якія ўваходзяць у БКДП, не зарэгістравалі ніводнай прафсаюзнай арганізацыі. “Для гэтага неабходны юрыдычны адрас. Гэта значыць, што адміністрацыі прадпрыемстваў павінны выдзяляць незалежным прафсаюзам памяшканне. Але такіх вар`ятаў кіраўнікоў, якія б пажадалі добраахвотна падставіцца, не знайшлося”, – сказаў А.Ярашук.
Пры гэтым ён нагадаў, што замена дазваленчага прынцыпу рэгістрацыі прафсаюзных арганізацый на заяўнічы стаіць першым пунктам у рэкамендацыях МАП у якасці прэтэнзіі да беларускіх улад. Аднак у гэтым кірунку і па гэты дзень кіраўніцтвам краіны нічога не робіцца. А тыя ячэйкі, якія рэгіструюцца, прадстаўляюць афіцыйную Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.
Міністэрства юстыцыі канстатуе, што “з боку прафсаюзаў нярэдкія выпадкі парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь”. І парушаюць заканадаўства менавіта незалежныя арганізацыі – Дэмакратычны прафсаюз транспартнікаў і Свабодны прафсаюз металістаў. “Цягам доўгага часу дадзеныя прафсаюзы не пацвярджалі свайго рэспубліканскага статусу, гэта значыць, не мелі неабходнай у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь мінімальнай колькасці – 500 сябраў – у большасці абласцей рэспублікі і горадзе Менска. Прафсаюзам было прапанавана змяніць свой статус”, – адзначаецца ў паведамленні.
Па словах А.Ярашука, дадзеная схема ліквідацыі незалежных прафсаюзных структур была ўжо апрабаваная на прыкладзе рэспубліканскага прафсаюза авіядыспетчараў. Спачатку Мінюст панізіў яго статус, а потым падаў у суд пазоў аб спыненні дзейнасці. “На людзей націскалі, прыязджалі з рэспубліканскай пракуратуры, з транспартнай пракуратуры, пагражалі звальненнямі. Шмат людзей былі змушаныя напісаць заявы аб выхадзе. Але пасля гэтага яны звярталіся ў прафсаюз авіядыспетчараў з заявай лічыць іх сябрамі арганізацыі, але не афішаваць гэтае сяброўства. Але ў Вярхоўным судзе гэтыя аргументы пачутыя не былі”, – згадвае А.Ярашук.
Палітыка ўлад па задушванні незалежнага прафсаюзнага руху ўжо знайшла адлюстраванне ў рэкамендацыях МАП і прынятым на іх падставе рашэнні аб пазбаўленні Беларусі гандлёвых прэферэнцый, адзначыў старшыня БКДП. “Але калі ўлада хоча надалей выпрабоўваць лёс - гэта яе справа. Шкада толькі, што ад гэтай безадказнай палітыкі пацерпяць, першым чынам, простыя грамадзяне”, – сказаў А.Ярашук.