Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Гарады Беларусі ахапіла хваля акцый супраць адмены ільгот 12:17, 17/05/2007
Ініцыятыўная група барысаўчан падала заяўку ў Барысаўскі райвыканкам на правядзенне пікету 1 чэрвеня 2007 года. Мэта пікету – прыцягнуць увагу жыхароў горада да праблемы захавання канстытуцыйных правоў грамадзян пры прыняцці законапраекта аб «упарадкаванні» ільгот дэпутатамі «палаты прадстаўнікоў». Вядома, што такія заяўкі ўжо пададзеныя ў Менску, Берасці, Гомелі.
Як вядома з сродкаў масавай інфармацыі, пад «упарадкаваннем» выканаўчая ўлада, а следам за ёй і дэпутаты мяркуюць практычна поўную іх адмену. Характэрна, што цяперашняе кіраўніцтва краіны пры захаванні дэкларатыўных заяў пра нібыта сацыяльную скіраванасць дзяржаўнай палітыкі, імкнецца папоўніць бюджэт за кошт найменш абароненых сацыяльных пластоў насельніцтва – інвалідаў, старых і малых дзяцей, а не за кошт вялізных па беларускіх мерках пенсій службоўцаў або працаўнікоў сілавых структур.
Відавочна, улады ўпэўненыя, што слабыя і нямоглыя не здольныя на нейкі пратэст, і сацыяльныя гарантыі ў гэтых людзей атрымаецца адабраць без праблем.
Барысаўскі райвыканкам абавязаны паведаміць заяўнікам пра сваё рашэнне ў пяцідзённы тэрмін. Выканкаму прапанаванае разгледзець тры месцы для пікетавання: цэнтральная плошча, ля Палаца культуры і каля універмага «Веста», паведамляе “Борисов Электронный”. Час правядзення пікету з 17.00 да 19.00.