|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Каля Нацыянальнай бібліятэкі вырасла менская “Рублёўка” (Фота) 15:35, 17/05/2007 Катэджны пасёлак "Забудова", размешчаны непадалёк ад станцыі метро "Уручча", быў пабудаваны задаўга да ўзвядзення Нацыянальнай бібліятэкі. Побач з ім, праз пустку, знаходзіліся дамы зусім старыя – шмат з іх з`явіліся там яшчэ ў даваенны час. Сёння гэтае месца не пазнаць. Пустка знікла – на яе месцы на ўсю моц разгорнутае будаўніцтва. Драўляных або цагляных аднапавярховак, у якіх жывуць абарыгены, таксама амаль не засталося. Замест іх выраслі асабнякі, толькі сотка зямлі пад якімі каштуе блізу 27 тысяч даляраў. – Год–паўтара таму было сапраўднае паломніцтва багацееў да мясцовых жыхароў, – прызнаецца пенсіянерка, якая працуе на сваім гародзе. – Тады, нам здавалася, яны прапаноўвалі вялікія грошы за ўчасткі. Прыкладна па дзесяці тысяч даляраў за сотку. І шмат хто, убачыўшы такія сумы, зямлю прадавалі. А раён стаў прэстыжным, таму што чыстае паветра, лес, вадаём, ды і бібліятэку пабудавалі побач. Толькі вось з новымі жыхарамі рэдка атрымоўваецца ўбачыцца – усё на аўтамабілях раз`язджаюць, не вітаюцца. А за дваццаць сантыметраў зямлі гатовыя галаву адзін аднаму адарваць. Суседзямі бабулькі будуць два беларускія хакеісты. Яны пачыналі будаваць дом разам: адна палова будынка – аднаму, другая – другому. Але потым па нейкім прычыне пасварыліся. І цяпер будуюцца па асобнасці, метровым плотам свае паловы адгарадзілі. Будаўнікі, якія знаходзіліся недалёка, распавялі сваю версію прычыны разладу. – Першапачаткова задумвалася, што паловы дому будуць будавацца сінхронна, у адным стылю. Але потым высветлілася, што камусьці не падабаецца нейкі колер, ідэя… Вось і будуюць цяпер кожны сам па сабе, – гаворыць адзін з працаўнікоў. Новыя асабнякі, размешчаныя на вуліцах–завулках Цяплічны, Парніковая і інш., уражваюць і формамі, і аб`ёмамі, і знешняй раскошай. Не здзіўляе, што менавіта ў гэтым раёне знаходзіцца дом вядомай стваральніцы элітных інтэр`ераў, уладальніцы буйной архітэктурна-будаўнічай кампаніі. Увогуле, сярод уладальнікаў гэтых "палацаў" ёсць і службоўцы, і бізнэсмэны, у тым ліку расейскія. Пры гэтым будаўніцтва прыватных дамоў на ўсю моц працягваецца. А некаторыя багацеі і цяпер прымудраюцца знайсці "старых" мясцовых жыхароў, якія гатовыя прадаць свае 12 сотак з домам (па самых мінімальных падліках – гэта 324 тысячы даляраў). Пра ўнутранае ўбранне аднаго з асабнякоў распавёў будаўнік, які займаецца аздабленнем. – З боку здаецца, што дом маленькі, у два паверхі. Але ёсць паверх і пад зямлёй. Ды і аздабленне на вышэйшым узроўні – з лепшых матэрыялаў. Абсталяванне ставіцца самае дарагое. Бо для ўладальніка – галоўнае якасць, – каментуе ён. – На цокальным паверсе будзе невялікі басейн, ужо гатовая сауна. Таксама спартзала з пакоем адпачынку, санвузел, вінны склеп, хол, пральня… – У спальні будзе падсвятленне каля ложка. У гасцінай, акрамя трох вокнаў з відам на неба, яшчэ і столь будзе аздобленая ў стылі "месячнае неба". І па ўсім доме будуць усталяваныя кінакамеры… Таксама на цокальным паверсе, дарэчы, будзе ўладкаваны ачмуральны кінатэатр… Будуецца ў гэтым раёне і чатырохпавярховы шматкватэрны дом. Ужо другі. Людзі з суседняга жылля бачылі, што да адной з яго кватэр прыязджала прыглядацца пара Паплаўская–Ціхановіч. Як высветлілася, новыя пасяленцы і сапраўды імкнуцца не афішаваць сваё пражыванне ў раёне, які "старыя" мясцовыя жыхары ўжо назвалі беларускай "Рублёўкай". Каля года таму для багацееў тут адкрылі кулінарыю, турэцкую лазню, кафэ "Терасса". У выніку, пару месяцаў таму кулінарыю ўладальнікам прыйшлося закрыць – не прыносіла прыбытку. Турэцкая лазня, хоць на шыльдзе і напісана, што "працуе кругласутачна", днём была зачыненая. А у кафэ ў абедзенны час закончвалі трапезу толькі два заезджыя наведвальнікі. Ва ўстанове – утульнае абсталяванне, шырокі выбар дарагіх алкагольных напояў. Аплата прымаецца па картках MasterCard, Maestro, Visa. – Першапачаткова мы рабілі стаўку на мясцовых. Але надзеі не апраўдалася. Так што часцей за ўсё да нас прыязджаюць людзі з горада, – прызнаецца афіцыянтка. – А мясцовыя… Думаеце мы іх бачым?! Або прыслуга, нянечкі з гаспадарскімі дзецьмі днём прыйдуць паесці. Або заказваюць на дом піцу, французскае віно. Калі ж мясцовыя і з`яўляюцца ў кафэ, то паядуць з задавальненнем (кухня ў нас вельмі добрая), "дзякуй" шмат раз скажуць, але рэшту — да капейкі забяруць. Хоць, разважае дзяўчына, асцярожнасць гэтых людзей яна разумее. "Яны не хочуць афішаваць грошы. Ды і занятыя, пэўна, з раніцы да вечара… Ведаеце, такое адчуванне, што жывуць як павукі ў банцы. Нават рэдка адзін з адным вітаюцца", – адзначае яна тое самае, што і бабулька-пенсіянерка. І падагульняе: "Не хацела б я так жыць". ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() Алена Якжык, «Салідарнасьць»
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|