Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Анатолю Красоўскаму споўнілася 55 гадоў 10:27, 18/05/2007
17 траўня бізнэсмэну і грамадскаму дзеячу Анатолю Красоўскаму споўнілася 55 гадоў. Красоўскі бясследна знік 16 верасня 1999 года. Родным і блізкім дагэтуль нічога не вядома пра яго лёс.
Анатоль Сцяпанавіч Красоўскі нарадзіўся 17 траўня 1952 года ў п. Крупкі Менскай вобласці. Скончыў фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Педагог, кандыдат філасофскіх навук, аўтар дзесяткаў навуковых прац і шэрагу навучальных дапаможнікаў, распрацоўшчык школьнага курсу “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця”. З пачатку 90-х – буйны прадпрымальнік, выдавец. Займаўся дабрачыннасцю, аказваў фінансавую падтрымку шэрагу грамадскіх арганізацый Беларусі, у тым ліку і палітычна незалежным. Вядомы як асабісты сябар віцэ-спікера Вярхоўнага савета 13-га склікання Віктара Ганчара, лідэра беларускай апазіцыі канца дзевяностых.
Першым сігналам крайняй незадаволенасці ўладных структур палітычнай актыўнасцю Анатоля Красоўскага стаў яго арышт у жніўні 1999 года, паведамляе прэс-служба ініцыятывы “Мы памятаем”. Прадпрымальнік быў змешчаны ў СІЗА, дзе яму фактычна было прад`яўленае абвінавачванне ў падрыўной дзейнасці. Аднак пасля публікацыі ў шэрагу СМІ падрабязнасцяў здарэння, следства агучыла іншую версію, паводле якой Анатоль Красоўскі вінаваты ў тым, што своечасова не вярнуў крэдыт, узяты ў банку “Поиск”. З прычыны відавочнай неадпаведнасці рэчаіснасці гэтае абвінавачванне хутка развалілася. Цягам тыдня прадпрымальніка адпусцілі разам з іншымі затрыманымі па гэтай справе, сярод якіх была прэзідэнтка банка “Поиск” Валянціна Сурына. Аднак, каб выйсці на свабоду, Анатоль Красоўскі быў змушаны занесці “заклад” у памеры 102 тысяч даляраў.
Трагедыя адбылася 16 верасня 1999 года. Увечары гэтага дня Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было распачатае расследаванне, аднак усе вядомыя цяпер доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкрадання на вуліцы Фабрычнай у Менску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага, якім сябры карысталіся ў гэты дзень, і сляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспертызай як кроў Віктара Ганчара. Гэтыя і іншыя сабраныя дадзеныя растлумачваюць дэталі выкрадання і ў вачах шырокай грамадскасці з`яўляюцца пацверджаннем таго, што яно было арганізаванае сіламі спецслужб. Афіцыйнае следства – нягледзячы на тое, што за Віктарам Ганчаром, і за Анатолем Красоўскім вялося пастаяннае сачэнне сіламі Камітэта дзяржбяспекі – канстатавала немагчымасць усталявання ісціны. Пасля знікнення КДБ заявіў, што сочка была знятая менавіта 16 верасня.
У чэрвені 2001 года сусветная грамадскасць атрымала ў распараджэнне сведчанні следчых пракуратуры Пятрушкевіча і Случака, якія распавялі пра існаванне ў Беларусі так званых “эскадронаў смерці”.