Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Паплечнікі Казуліна працягваюць настойваць на ўзбуджэнні крымінальнай справы за падзеі 25 сакавіка 2006 года 10:20, 18/05/2007
Алег Воўчак, кіраўнік юрыдычнай службы экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, палітвязня Аляксандра Казуліна, 16 траўня падаў скаргу ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з нагоды падзей 25 сакавіка 2006 года. Праваабаронца патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненні службовых асоб, а таксама вайскоўцаў унутраных войскаў і органаў унутраных спраў за перавышэнне службовых паўнамоцтваў па ч. 3 арт. 426 КК РБ. Як адзначыў Алег Воўчак, у дачыненні мірных грамадзян былі неабгрунтавана ўжытыя фізічная сіла, спецсродкі і зброя з выкарыстаннем падраздзяленняў унутраных войскаў.
“Гэта трэцяя скарга, якая цалкам “разбівае” абвінавачванне, прад`яўленае Казуліну, – сказаў Алег Воўчак у інтэрв`ю прэс-службе АГП. – Да гэтага мы накіроўвалі скаргі па падзеях 17 лютага і 2 сакавіка. Былі сабраныя за год усе доказы, доказы, якія паказваюць, што Казулін не правакаваў сутыкнення з узброенымі салдатамі. А наадварот, гэта была правакацыя з іх боку. Яны ўжылі шумавыя гранаты, дымавыя шашкі”. Праваабаронца таксама звяртае ўвагу на фотакадры 25 сакавіка, дзе салдаты цэляцца з зброі ў мірных дэманстрантаў.
Алег Воўчак патрабуе пакараць вінаватых — тых, хто аддаваў загады, і тых, хто збіваў мірных грамадзян. «Неабходна дамагчыся, каб надалей улады ніколі, нібыта для забеспячэння грамадскага парадку, не прыцягвалі спецпадраздзяленні, створаныя для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, і тым больш узброеныя войскі, якія закліканыя дзейнічаць у баявых умовах. Бо наступным разам усё можа скончыцца значна горшымі наступствамі», — лічыць Алег Воўчак.
Ён адзначыў, што з 57 затрыманых 25 сакавіка мінулага года 40 адсоткаў былі жанчыны. Астатнія — службоўцы, прадпрымальнікі, студэнты. «Там не было баявікоў або агрэсіўных грамадзян, — гаворыць праваабаронца. — Гэта былі нармальныя людзі. Таму законных падстаў ужываць спецсродкі ў салдат не было».
Раней кіраўнік юрыдычнай службы Аляксандра Казуліна падаў скаргі на супрацоўнікаў спецслужб, якія ўдзельнічалі ў збіванні кандыдата ў прэзідэнты 17 лютага і 2 сакавіка. На першы зварот ён атрымаў адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ад пракурора Ленінскага раёна Менска Аляксея Стука. Другую скаргу, якую Алег Воўчак падаў разам з дачкой Казуліна — Юліяй, адмовіўся разглядаць начальнік аддзела менскай пракуратуры Барыс Легчын. У гэтых двух выпадках ізноў пададзеныя скаргі, адрасаваныя пракурору Менска Мікалаю Куліку.
«Цяпер у Вярхоўным судзе знаходзіцца скарга на прысуд Казуліну, — нагадаў Алег Воўчак. — І я разлічваю, што суддзі яшчэ раз задумаюцца пра сваю адказнасць пры вынясенні рашэння па справе Казуліна. Бо гэта апошняя судовая інстанцыя і ад гэтага залежыць лёс экс-кандыдата ў прэзідэнты. І я спадзяюся, што Казулін хутка будзе на свабодзе. Інакш у будучыні суддзі могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за фальсіфікацыю доказаў крымінальнай справы Аляксандра Казуліна».