Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аднаўленне прапампоўкі расейскай нафты ў напрамку Літвы можа заняць да двух гадоў, заявіў учора старшыня камітэта Дзярждумы па энергетыцы, транспарту і сувязі Валеры Язеў. Ён дадаў, што эканамічная мэтазгоднасць рамонту нафтаправода "Дружба" застаецца пад пытаннем. Аналітыкі адзначаюць, што тэрміны, агучаныя спадаром Язевым, супадаюць з тэрмінамі будаўніцтва альтэрнатыўнага нафтаправода – БТС-II. Гэта тлумачыць, чаму рамантаваць "Дружбу" "Транснафта" не спяшаецца, паведамляе РБК daily.
У ліпені мінулага года на ўчастку Унеча – Полацак магістральнага нафтаправода "Дружба" адбылася аварыя, вылілася каля 20 тон нафты. Эксплуатацыя дадзенага ўчастку была спыненая, а прапампоўка нафты ў напрамку літоўскага НПЗ Mazeikiu nafta прыпыненая. У красавіку гэтага года Федэральная служба па экалагічным, тэхналагічным і атамным наглядзе (Растэхнагляд) накіравала загады ў "Транснафту" аб ліквідаванні дэфектаў на пашкоджаных участках нафтаправода, усяго іх было знойдзенае 7853. Віцэ-прэзідэнт "Транснафты" Сяргей Грыгор`еў раней казаў РБК daily, што пэўных тэрмінаў Растэхнагляд не ўсталёўваў. А прэзідэнт кампаніі Сямён Вайншток адзначаў, што складанне праекту ліквідацыі дэфектаў зойме некалькі месяцаў, аднаўленне ж прапампоўкі будзе залежаць ад эканамічнай мэтазгоднасці.
На няпэўнасць тэрмінаў рамонту "Дружбы" паўплываў і студзеньскі канфлікт вакол нафтавых пошлін з Беларуссю: тады прапампоўка расейскай нафты ў Еўропу была прыпыненая на некалькі дзён. Расея зрэагавала хутка: 1 лютага прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паведаміў, што "Транснафта" па яго даручэнні прыступіла да распрацоўкі плану па пашырэнні перавалачных тэрміналаў у порце Прыморск на 50 млн тон. Праз пару дзён спадар Вайншток заявіў, што тэхнічны савет "Транснафты" зацвердзіў дэкларацыю аб намерах па пашырэнні Балтыйскай трубаправоднай сістэмы, якая прадугледжвае будаўніцтва новага адгалінавання трубаправода (Унеча – Прыморск, БТС-II) і павелічэнне прапускной здольнасці марскога тэрмінала ў Прыморску на 50 млн тон нафты. Першая чарга новага нафтаправода дазволіць павялічыць магутнасць БТС да 125–130 млн тон нафты ў год, праектная магутнасць абноўленай БТС у перспектыве складзе 150 млн тон нафты. Гэта дазволіць адмовіцца ад выкарыстання "Дружбы" для экспарту расейскай нафты ў Еўропу. Пры гэтым кіраўнік "Транснафты" падкрэсліваў, што будаўніцтва новага нафтаправода зойме 18 месяцаў.
Учора ж старшыня камітэта Дзярждумы па энергетыцы, транспарту і сувязі Валеры Язеў абвясціў магчымыя тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю пашкоджанага ўчастку "Дружбы". Па яго словах, рамонт можа заняць адзін–два гады. "Я размаўляў з "Транснафтай" па гэтым пытанні, эканамічная мэтазгоднасць рамонту пакуль пад пытаннем", – дадаў ён.
Аналітыкі адзначаюць, што тэрміны, агучаныя спадаром Язевым, блізкія да тэрмінаў будаўніцтва БТС-II. "Мабыць, канчатковы выбар паміж новым адгалінаваннем Балтыйскай трубаправоднай сістэмы і "Дружбай" пакуль не зроблены", – гаворыць Андрэй Грамадзін з МДМ-Банка. Ён адзначае, што рамонт, як правіла, праходзіць у значна больш сціснутыя тэрміны; з моманту аварыі ж мінула ўжо дзесяць месяцаў.
Нагадаем, 7 траўня на ўчастку экспартнага газаправода Урэнгой – Памары – Ужгарад, які забяспечвае каля 20% паставак расейскага газу ў Еўропу, адбыўся выбух. Тым не менш, пастаўкі паліва былі адноўленыя да вечара 9 траўня за кошт павелічэння аб`ёмаў прапампоўкі па трубаправодах "Прагрэс" і "Саюз". А ужо 16 траўня ўладальніца трубы ўкраінская "Укртрансгаз" ліквідавала ўсе дэфекты.