Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У «Газпрома» будзе свой чалавек у «Белтрансгазе» 10:01, 21/05/2007
Беларускі бок у цэлым задаволены падпісанай у пятніцу дамовай з расейскім "Газпромам" аб продажы 50% акцый "Белтрансгаза" і ўпэўненая ў паспяховай працы сумеснага газатранспартнага прадпрыемства. Пра гэта ў суботу заявіў першы віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка. "Дамова куплі-продажу акцый "Белтрансгаза", – значная падзея, гэта адзін з этапаў стварэння газатранспартнага СП", – сказаў ён.
Сямашка паведаміў, што згодна з падпісанай дамовай цягам сутак беларускі бок павінен зарэгістраваць гэтую дамову. "Што мы і зрабілі", – сказаў міністр. Далей, па яго словах, у 20-дзённы тэрмін расейскі бок павінен занесці $625 млн. у бюджэт краіны. У 10-дзённы тэрмін беларускі бок павінен перавесці 12,5% акцый "Белтрансгаза" "Газпрому", у 50-дзённы тэрмін у склад наглядальнага савета беларускай кампаніі павінны ўвайсці прадстаўнікі "Газпрома".
"Напрыклад, пасля пераводу грошай фактычна адна восьмая частка акцый будзе належаць "Газпрому". Такім чынам, адзін з васьмі сябраў наглядальнага савета акцыянернага прадпрыемства павінен прадстаўляць "Газпром", – сказаў Сямашка. Ён таксама адзначыў, што на патрабаванне "Газпрома" прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ пра тое, што на гэтым сумесным прадпрыемстве "залатая акцыя", якая дае права дзяржаве ўводзіць сваё кіраванне на прадпрыемстве, ужывацца не будзе, паведамляе "Росбалт".
Стварэнне СП прадугледжанае падпісаным Беларуссю і "Газпромам" 31 снежня 2006 года рамачным пратаколам. Да 20 траўня "Газпром" павінен пералічыць Беларусі $625 млн. за 12,5% акцый "Белтрансгаза". Пералік будзе ісці роўнымі часткамі цягам чатырох гадоў. Такім чынам, да 1 чэрвеня 2010 года, калі "Газпром" выплаціць Беларусі ўсю суму ў $2,5 млрд., ён будзе валодаць 50% акцый гэтага прадпрыемства.
Як паведаміла ІТАР-ТАСС крыніца, блізкая да беларускага ўрада, паводле праекту дамовы, спрэчныя пытанні бакоў будуць вырашацца па беларускім заканадаўстве. Акрамя таго, у дакуменце будуць абумоўленыя гарантыі запаўнення беларускага газаправода (не ніжэйшыя, чым цяпер) і памер надбаўкі пры продажы газу "Белтрансгазам" унутраным спажыўцам (чакаецца, што яна будзе істотна ніжэйшай, чым у 2006 годзе, калі надбаўка складала $18 за тысячу кубаметраў).