Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
15 траўня днём была абрабаваная кватэра роднай сястры экс-кандыдата ў прэзідэнты, палітвязня Аляксандра Казуліна, у якой пражываюць таксама яе муж і дачка. Рабаўнікі дзейнічалі ў першай палове дня, калі ўсе былі на працы. Дзейнічалі ціха, у пальчатках. Былі выкрадзеныя грошы, ювелірныя вырабы, ноўтбук.
Вось як пракаментавала прэс-службе Аляксандра Казуліна сітуацыю яго сястра Алена: “Такое адчуванне, што рабаўнікі здзяйснялі злачынства мэтанакіравана і падрыхтавана. Іх дзеянні былі загадзя прадуманыя. Усе суседзі па пляцоўцы ў момант рабавання былі дома.
У гэты дзень раніцай да суседкі, чыя кватэра знаходзіцца побач з нашай, патэлефанавалі і мужчынскім голасам спыталі, ці не знімае тут хтосьці кватэру.
У злачынстве адчуваўся налёт цынізму і жарту, бо, напрыклад, у падарункавым канверце-паштоўцы дачкі знаходзілася 28 даляраў, купюрамі 20, 5 і 3 па адным даляры. Рабаўнікі забралі 25 даляраў, а 3 аднадаляровыя купюры пакінулі. У тумбачцы, дзе знаходзіліся ювелірныя вырабы, усе скрыначкі знаходзіліся на ранейшых месцах. Біжутэрыя не кранутая, а залатыя ўпрыгожванні зніклі”.
Нечаканым для гаспадароў стала тое, што рабаўнікі дзейнічалі вельмі акуратна. Парадак у доме не быў парушаны. У шафах рэчы на паліцах толькі трохі ссунутыя, а не раскіданыя паўсюль, як мы часта бачны ў кіно.
Сваякі А.Казуліна абсалютна ўпэўненыя, што гэта чарговая правакацыя ў дачыненні іх сям`і.
РУУС Завадскога раёна г. Менска ўзбудзіла крымінальную справу па факце крадзяжу. Вядзецца расследаванне. На дадзены момант следчыя сітуацыю не каментуюць.