|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Удзельнікі акцый пратэсту супраць адмены льгот вызваленыя 10:04, 21/05/2007 Менгарвыканкам не дазволіў правесці ў парку акцыю пратэсту нібыта з прычыны таго, што там будзе праводзіцца планавая ўборка тэрыторыі і рамонт абсталявання. Ініцыятары мітынгу звярнуліся да намесніка старшыні гарвыканкама Мікалая Мятліцкага з прапановай разам правесці добраўпарадкаванне, але адказу не атрымалі. Каля 16.30 супрацоўнікі палка міліцыі спецыяльнага прызначэння (ПМСП) папрасілі групы моладзі, якія збіраліся ў парку, пакінуць тэрыторыю, паведамляе БелаПАН. Некалькі дзесяткаў маладых людзей сабраліся на прыпынку грамадскага транспарту насупраць плошчы Бангалор. У гэты час міліцыя затрымала шэсць чалавек, сярод якіх былі арганізатары студэнцкага мітынгу: моладзевы актывіст Франак Вячорка і лідэр моладзевай структуры Партыі БНФ Алесь Каліта. Яны былі дастаўленыя ў апорны пункт міліцыі каля Савецкага УУС. Пасля гэтага маладыя людзі вырашылі рухацца па вуліцы Сурганава ў бок Нацыянальнай Акадэміі навук. Шэсце сабрала каля 150 чалавек. Студэнты былі апранутыя ў жоўтыя майкі з надпісамі "Без квітка. Ільгот няма". На скрыжаванні вуліц Сурганава і Якуба Коласа да людзей падышлі супрацоўнікі міліцыі, якія папярэдзілі, што шэсце не санкцыянаванае, і далі маладым людзям адну хвіліну, каб разысціся. Практычна адразу пад`ехала спецмашына-"аўтазак", і супрацоўнікі ПМСП з ужываннем сілы затрымалі больш як 15 чалавек, сярод якіх патрапіў назіральнік Беларускага Хельсінкскага камітэта Андрэй Сушко. Па яго словах, з людзьмі абыходзіліся вельмі груба, усіх паклалі на пол, дзяўчат – тварам на лавы. Тых, хто спрабаваў сесці на лаву, адпіхвалі на пол нагамі. "У іх быў загад забіраць усіх, хто ў жоўтых майках. Я таксама выпадкова апынуўся ў жоўтай майцы, але з зусім іншым надпісам, чым у студэнтаў, таму мяне вельмі хутка адпусцілі", – паведаміў А.Сушко ў інтэрв`ю БелаПАН. Пазней усе затрыманыя былі вызваленыя. Другая група студэнтаў, якія меліся пратэставаць супраць адмены льгот, сабраліся ў парку Янкі Купалы. Супрацоўнікі міліцыі папрасілі іх пакінуць парк, і маладыя людзі накіраваліся да Палаца спорту. Там прыкладна ў 19.40 яны разгарнулі расцяжку з словамі "Не адмене льгот" і скандавалі гэты самы лозунг цягам пяці–сямі хвілін. Потым моладзевыя актывісты раздалі 150–200 улётак, дзе былі пералічаныя льготы, пазбавіць якіх плануюць не толькі студэнтаў, але і інвалідаў, чарнобыльцаў, ветэранаў. У акцыі, якая завяршылася без затрыманняў, узялі ўдзел каля 10 чалавек.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|