Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ініцыятыва «Мы памятаем» супраць гвалтоўных знікненняў 14:21, 21/05/2007
10–11 траўня ў Парыжы прайшоў міжнародны сімпозіум па пытаннях лабіявання канвенцыі ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. У ім узяла ўдзел заснавальніца ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская.
Сімпозіум быў арганізаваны з ініцыятывы нідэрландскай недзяржаўнай арганізацыі HOM (Гуманітарны камітэт па правах чалавека) і праведзены пры садзейнічанні Даследчага цэнтра гуманітарнага права і правоў чалавека ва ўніверсітэце Pantheon-Assas, Парыж. У першы дзень сімпозіума яго ўдзельнікамі – арганізацыямі, якія аб’яднаюць сваякоў гвалтоўна зніклых людзей – было прынятае рашэнне аб стварэнні кааліцыі па далейшым лабіяванні Міжнароднай канвенцыі ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў на лакальным узроўні. Наступныя арганізацыі-удзельнікі сімпозіума ўвайшлі ў новую кааліцыю: FIDH (Міжнародная федэрацыя па правах чалавека), “Міжнародная Амністыя”, ICJ (Міжнародны справядлівы суд), Human Rights Watch, FEDEFAM (Лаціна-Амерыканская Федэрацыя сваякоў зніклых людзей), FIACAT (Міжнародная хрысціянская федэрацыя за адмену катаванняў), Міжнародны камітэт Чырвонага крыжа, Гуманітарны Камітэт па Правах Чалавека, грамадзянская ініцыятыва “Мы памятаем”.
Сябры новай кааліцыі абралі арганізацыйны камітэт, вызначылі мэты і задачы кааліцыі, абмеркавалі пытанні выпрацоўкі стратэгіі лабіявання канвенцыі на нацыянальным і міжнародным узроўні.
У другі дзень сімпозіума адбылася канферэнцыя па пытаннях Міжнароднай канвенцыі ААН для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. На канферэнцыі выступілі наступныя прадстаўнікі недзяржаўных праваабарончых арганізацый: старшыня Працоўнай групы Рады па правах чалавека ААН па гвалтоўных і недобраахвотных знікненнях Санцьяга Каркера, старэйшы кансультант FEDEFAM Патрысіа Райс, прадстаўнік місіі Швейцарыі ў ААН Жан-Даніэль Віньі, былы прадстаўнік Італіі ў працоўнай групе па распрацоўцы міжнароднага інструмента для абароны ад гвалтоўных знікненняў Камітэта ААН па правах чалавека Габрыэла Цытроні і былы прадстаўнік “Міжнароднай Амністыі” ў гэтай працоўнай групе Эрык Прокаш, выканаўчы дырэктар FIDH Антуан Бернар, прадстаўнік HOM Эвауд Плэйт, генеральны юрысконсульт Міжнароднай камісіі юрыстаў Федэрыку Андрэ.
Наступная сустрэча ўдзельнікаў кааліцыі мусіць адбыцца падчас чарговай сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе.
Даведка
20 снежня 2006 года Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была аднагалосна ўхваленая Генеральнай Асамблеяй ААН. Яе прыняцце стала важнай вяхой на шляху ўмацавання сістэмы міжнароднага права.
Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў загадвае дзяржавам-сябрам ААН прымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры ў мэтах прадухілення і спынення актаў гвалтоўнага знікнення. Яна забараняе існаванне сакрэтных турмаў і абавязвае паведамляць сем`і пра лёс іх затрыманых сваякоў. Дакумент прадугледжвае стварэнне спецыяльнага камітэта па гвалтоўных знікненнях, які будзе разглядаць даклады краін-удзельніц і скаргі прыватных асоб. У новым дакуменце падкрэсліваецца, што пры некаторых акалічнасцях гвалтоўныя знікненні могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавечнасці. У гэтай якасці яны падпадаюць пад юрысдыкцыю міжнароднага крымінальнага права.
Канвенцыя ўступае ў сілу на трыццаты дзень пасля здачы на захоўванне Генеральнаму сакратару ААН 20-ай ратыфікацыйнай граматы або дакумента аб далучэнні.