Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Якаў Басін: «Размаўляць з чалавекам, які іграе сёння ролю Гітлера, па меншай меры сорамна» 14:36, 22/05/2007
На гэтым тыдні ў Беларусь, якая служыла некалі месцам пражывання адной з найбуйнейшых габрэйскіх суполак Еўропы, прыбыў з двухдзённым візітам прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад, які ўваходзіць у топ самых адыёзных антысеміцкіх лідэраў планеты.
Візіт іранскага лідэра падвергнуўся рэзкай крытыцы з боку дэмакратычных актывістаў рэспублікі і габрэйскай суполкі краіны. А міжнародныя назіральнікі з гэтай нагоды адзначаюць, што прыняўшы ў сябе гэтага ізгоя сусветнай супольнасці, Аляксандр Лукашэнка толькі пагоршыў міжнародную ізаляцыю сваёй дзяржавы.
У гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі нацысты знішчылі сотні тысяч габрэяў (у тым ліку, 53 тысячы дэпартаваных з Заходняй Еўропы). Лідэры беларускай габрэйскай суполкі, амаль цалкам знішчанай у гады Другой сусветнай вайны, параўноўваюць Ахмадзінежада з Гітлерам – бо менавіта з падачы іранскага прэзідэнта ў Тэгеране прайшла летась псеўданавуковая канферэнцыя, мэтай якой было аспрэчыць сам факт трагедыі Халакосту. Праславіўся Ахмадзінежад і неаднаразовымі адкрытымі заклікамі да знішчэння Ізраіля і іншымі падобнымі антысеміцкімі заявамі.
У панядзелак 21 траўня іранскі лідэр усклаў у Менску вянок да мемарыяла памяці савецкіх ахвяр Другой сусветнай вайны, аднак пастараўся пазбегнуць якіх-небудзь узгадванняў пра Халакост, сведчанне якога – роў, дзе нацысты расстралялі некалькі тысяч габрэяў, – можна ўбачыць у самым цэнтры беларускай сталіцы.
Адзін з лідэраў габрэйскай суполкі Беларусі Якаў Басін падкрэсліў у інтэрв`ю AFP, што суполка была катэгарычна супраць візіту ў краіну іранскага лідэра-антысеміта. “Хіба можна запрашаць чалавека, лідэра дзяржавы, які лічыць, што для развязання блізкаўсходняй праблемы, неабходна знішчыць цэлую краіну і цэлы народ, – здзіўляўся Басін. – Размаўляць з чалавекам, які іграе сёння ролю сучаснага Гітлера, па меншай меры, сорамна”.
Улады Злучаных Штатаў і цэлы шэраг еўрапейскіх лідэраў ужо даўно называюць сучасную Беларусь “апошнім дыктатарскім рэжымам у Еўропе”. Але Аляксандра Лукашэнку такое стаўленне Захаду зусім не бянтэжыць, і ён працягвае развіваць і падтрымліваць сувязі з лідэрамі, такімі як Ахмадзінежад. У прыватнасці, ён падтрымаў іранскую ядзерную праграму, развіццю якой, разумеючы ўсе яе ўтоеныя і відавочныя пагрозы, спрабуе супрацьстаяць практычна ўвесь цывілізаваны свет.