Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ізраіль занепакоены візітам Ахмадзінежада ў Беларусь 10:58, 22/05/2007
У Ізраіле з напружанай цікавасцю сочаць за ходам візіту іранскага прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада ў Беларусь. Галоўную боязь у Іерусаліма выклікаюць не дыскусіі аб развіцці эканамічнага супрацоўніцтва дзвюх краін – тэма цалкам бяскрыўдная і легітымная, – а хутчэй заявы палітычнага толку.
З прычыны таго, што іранскі прэзідэнт у мінулым агучыў тэзу пра жаданне "сцерці Ізраіль з карты планеты", пахвальныя словы Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што погляды іранскага лідэра “шмат у чым сугучныя беларускім бачанням прылады светаўладкавання”, выклікалі ў Ізраілі негатыўныя эмоцыі.
Як паведамілі "Нямецкай хвалі" крыніцы ў ізраільскім МЗС, знешнепалітычнае ведамства ўважліва сочыць за праграмай візіту іранскага прэзідэнта. Але калі ад Ахмадзінежада не спадзяюцца пачуць нічога новага, то выказванні Аляксандра Лукашэнкі, кажуць у МЗС, у будучыні могуць аказаць эфект на двухбаковыя беларуска-ізраільскія стасункі. Трэба адзначыць, што за апошнія пару гадоў як Менск, так і Іерусалім прыклалі масу намаганняў, каб вывесці міждзяржаўныя кантакты на новы ўзровень і забыць старыя крыўды. У беларускай сталіцы зноў функцыянуе ізраільская амбасада, у Ізраілі пачаў вяшчанне тэлеканал “Беларусь ТВ”, а новы амбасадар Рэспублікі Беларусь Ігар Ляшчэня – часты госць на ўсіх дыпламатычных мерапрыемствах. Таму ў знешнепалітычным ведамстве Ізраіля выказалі надзею на тое, што беларускае кіраўніцтва не стане ставіць пад удар усе пазітыўныя напрацоўкі, дасягнутыя за апошні перыяд.
У той самы час мясцовыя вайсковыя аглядальнікі выказваюць упэўненасць у тым, што на перамовах у Менску гаворка будзе ісці не толькі пра экспарт беларускіх трактароў і іранскага тэкстылю.
Нават пасля развалу Савецкага Саюза Беларусь засталася краінай з высокім тэхналагічным і вайсковым патэнцыялам, дзяржавай з сучаснымі ваеннымі тэхналогіямі. Яны і здольныя зацікавіць Тэгеран, які ўвесь час нарошчвае ваенную моц і мадэрнізуе войска.
На думку ізраільскага палітычнага аналітыка Аві Ліхмана нельга выключаць і варыянт таго, што на перамовах у Менску прэзідэнт Ірана Махмуд Ахмадзінежад канфідэнцыйна папросіць Аляксандра Лукашэнку зрабіць пасрэдніцкую дапамогу ў набыцці найноўшых адзінак расейскай зброі. У гэтым пытанні, адзначае эксперт, дапамога Лукашэнкі была б для іранцаў дарэчы, улічваючы тое, што ў дачыненні Ірана дзейнічаюць санкцыі Рады бяспекі ААН, ды і ў адкрытую здзяйсняць такія пагадненні невыгодна ні Ірану, ні Расеі.
Тым не менш, большасць аналітыкаў прапаноўваюць судзіць пра візіт іранскай дэлегацыі па яго выніках. Што апынецца для беларускага кіраўніка важнейшым – сяброўства з Ахмадзінежадам ці даверныя стасункі з Ізраілем?