Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Літвіна: Ізноў з журналістаў хочуць рабіць ідэолагаў і прапагандыстаў 10:21, 24/05/2007
З’яўленне ў Беларусі ініцыятывы, няхай нават грамадскага кшталту, якая ставіць за мэту дапамагаць журналістам удасканальваць сваё майстэрства можна толькі вітаць, – пракаментавала старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна інфармацыю аб стварэнні грамадскай Акадэміі журналіста. Паколькі, на яе думку, сёння ў беларускіх журналістаў магчымасці павышаць сваю кваліфікацыю вельмі абмежаваныя.
“Але выклікае здзіўленне ўжо назва аднаго з факультэтаў, новастворанай Акадэміі журналіста. Чытаючы, што там будзе працаваць ідэалагічны факультэт, становіцца зразумелым, што ў чарговы раз мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі прафесія журналіста падмяняецца, абавязкамі ідэолагаў і прапагандыстаў”, – выказала сваё стаўленне старшыня грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
БАЖ увесь час выступае за чысціню прафесіі, за тое каб, журналісты выконвалі сваё прадвызначэнне, што, дарэчы, гарантуе нам і нашым грамадзянам беларускае заканадаўства і Канстытуцыя, – кажа Жанна Літвіна: “Я шчыра радуюся, што ў нашай партнёрскай арганізацыі Беларускага саюза журналістаў з’явілася магчымасць адкрыць такую ўстанову. Але неверагодна засмучае, калі ідзе падмена асноўных функцый нашай прафесіі на ідэалагічную і прапагандысцкую дзейнасць”.
На думку кіраўніка журналісцкай праваабарончай арганізацыі, адкрыццё ідэалагічнага факультэта ў Акадэміі журналіста – гэта пацверджанне, што сённяшняя выканаўчая ўлада навязвае сваё бачанне месца і ролі журналістаў ў грамадстве, скіроўвае журналістыку ў сферу абслугі і гэтым яшчэ раз пацвярджае сваё жаданне выкарыстоўваць нашу прафесію на карысць уласнай стабільнасці і бяспекі.